Прафсаюзны камітэт студэнтаў Беларуска-Расійскага ўніверсітэта падвёў вынікі традыцыйнага для ўстановы вышэйшай адукацыі агляду-конкурсу на лепшы пакой і паверх інтэрната. Пра гэта паведаміла старшыня прафкама студэнтаў навучальнай установы Марына Бяляева.

— На працягу пяці гадоў навучання інтэрнат становіцца для студэнтаў другім домам, — адзначыла яна. — І для таго каб тут можна было паспяхова вучыцца, займацца спортам і адпачываць, ствараюцца ўсе ўмовы. У трох інтэрнатах універсітэта пражывае трэць усіх студэнтаў, якія вучацца на дзённай форме навучання. За іх камфортам сочыць жыллёва-бытавая камісія, створаная пры прафкаме студэнтаў.

У аглядзе-конкурсе ўзялі ўдзел усе пакоі інтэрнатаў універсітэта. На думку арганізатараў, гэта спрыяла выхаванню ў пражываючай там моладзі эстэтычнай культуры быту, развіццю адказнага і беражлівага стаўлення да дзяржаўнай маёмасці, падтрыманню чысціні і парадку на сваёй жылой тэрыторыі.

Пры падвядзенні вынікаў і вызначэнні пераможцаў у намінацыі “Лепшы пакой” асноўнымі крытэрыямі сталі санітарны стан і эстэтычнае афармленне пакоя, адсутнасць прэтэнзій да жыхароў з боку адміністрацыі інтэрната, творчасць і фантазія студэнтаў ва ўладкаванні жылля.

У гэтай катэгорыі пераможцамі прызнаны пакой № 309 інтэрната № 1 (жыхаркі Ірына Гомарава, Наталля Аўраменка), пакой № 215 інтэрната № 2 (Марыя Альхімовіч, Наталля Бутарава, Вікторыя Вавула), пакой № 11—104 інтэрната № 3 (Ірына Хмялькова, Таццяна Сарына, Юлія Геранцава).

У намінацыі “Лепшы паверх” улічвалася эстэтычнае афармленне ўсяго паверха, наяўнасць і выкананне графіка дзяжурстваў, а таксама правіл унутранага распарадку інтэрнатаў, санітарны стан пакояў, чысціня ў месцах агульнага карыстання.

Пераможцамі конкурсу ў гэтай намінацыі сталі трэці паверх інтэрната № 1 — стараста Хрысціна Новікава, трэці паверх інтэрната № 2, вялікае крыло — стараста Ігар Новікаў, чацвёрты паверх інтэрната № 3 — стараста Ілья Станавоў.

Публікацыя на сайце "Настаўніцкай газеты" nastgaz.by

Твитнуть