Дзе ж знайсці вопыт маладому настаўніку, які пяць гадоў выдатна спраўляўся з роляю студэнта, а, прыйшоўшы на працу, разгубіўся? На такое пытанне з лёгкасцю адкажа кожны з удзельнікаў ІІІ-га Мінскага маладзёжнага фестывалю педагагічных ідэй і рашэнняў, які сёлета праходзіў 26–28 кастрычніка на базе ДУА “Мінскі дзяржаўны адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Лідар”. Арганізатарамі выступілі Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі і Мінская гарадская арганізацыя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. 

…Какое счастье быть полезным людям,
Учить Его Величество Народ!

    Жыццё імкліва бяжыць уперад, патрабуючы ад нас той жа хуткасці. Затрымаешся на хвілінку – і можаш спазніцца на карабель, на якім змог бы зрабіць для сябе і грамадства не адно адкрыццё, стаць сведкам многіх яскравых падзей. Прафесія настаўніка ўнікальная ў гэтым плане. Педагог не павінен цурацца традыцыйнасці, але і грэбаваць наватарствам таксама не варта. Толькі дзе ж знайсці вопыт маладому настаўніку, які пяць гадоў выдатна спраўляўся з роляю студэнта, а, прыйшоўшы на працу, разгубіўся? 

На такое пытанне з лёгкасцю адкажа кожны з удзельнікаў ІІІ-га Мінскага маладзёжнага фестывалю педагагічных ідэй і рашэнняў, які сёлета праходзіў 26–28 кастрычніка на базе ДУА “Мінскі дзяржаўны адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Лідар”. Арганізатарамі выступілі Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі і Мінская гарадская арганізацыя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Удзельнікамі былі раённыя каманды сталіцы, а таксама госці з Брэсцкай, Гомельскай, Віцебскай абласцей і каманда Масквы і Маскоўскай вобласці, дзякуючы якой фестываль набыў статус Міжнароднага. Праграма мерапрыемства была настолькі насычанай, што ні ў кога не атрымалася дарэмна праводзіць час. Прэзентацыя Клуба настаўнікаў сталіцы “Большая перемена” паклала пачатак творчаму фестывальнаму жыццю. Маладых людзей прыемна ўразіла, што вопытныя педагогі, якія неаднаразова дэманстравалі ўласныя распрацоўкі на конкурсах прафесійнага майстэрства, Міжнародных канферэнцыях і семінарах, працягваюць актыўна і эфектыўна ўдзельнічаць у настаўніцкім жыцці сталіцы. Яны распрацавалі цікавыя майстар-класы, інтэрактыўную гульню, дзе моладзь крэатыўна і вынаходліва адказвала на пытанні, звязаныя з сівой мінуўшчынай, умела разгадвала лагічныя задачы, размаўляла на беларускай мове, смела прайшла жудасны пакой цёмных сіл. Яркім і незвычайным завяршэннем першага фестывальнага дня стала выступленне харызматычных удзельнікаў гарадскога Савета маладых педагогаў, створанага па ініцыятыве Мінскага гаркама галіновага прафсаюза. Арыгінальнае гумарыстычнае шоу піянераў дазволіла ўзгадаць савецкія часы, вярнуцца ў эпоху, што сёння здаецца немагчыма далёкай.

Афіцыйная цырымонія адкрыцця праходзіла з удзелам старшыні Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіла Уладзіміравіча Мірончыка і старшыні Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Ларысы Леанідаўны Волкавай. У адрас маладых педагогаў прагучалі найлепшыя пажаданні, выказаліся спадзяванні на іх жаданне стаць майстрамі, быць лепшымі ў педагагічнай дзейнасці. Кожная каманда атрымала ў падарунак сімвал фестывалю – крыштальную статуэтку ў выглядзе зялёнага яблыка. Зялёны яблык спрыяе здароўю, надзяляе бадзёрасцю і можа, як ужо трэці год паказвае такое маштабнае свята, сабраць разам мноства творчых, таленавітых настаўнікаў, з якімі педагогіка ніколі не будзе сумнай і састарэлай навукай. Самапрэзентацыі каманд пацвердзілі, што сённяшняе пакаленне настаўнікаў справіцца з любымі цяжкасцямі, бо імі кіруе не імкненне да ўлады ці знакамітасці, а любоў да сваёй прафесіі, да святога абавязку вучыць дзяцей.

У межах фестывалю адбыўся круглы стол з кіраўніцтвам Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама “Сучасны настаўнік: традыцыйнасць – наватарства – майстэрства”, куды былі запрошаны прадстаўнікі ўсіх каманд.Праблемнае поле закранала шэраг хвалюючых пытанняў: як фарміраваць пазітыўны імідж настаўніка, з чаго складаецца сітуацыя поспеху ў працы маладога педагога, якім павінен быць сучасны ўрок, хто дапаможа моладзі не расчаравацца ў абранай прафесіі і інш.? Удзельнікі фестывалю як задавалі пытанні кампетэнтным асобам, так і дасведчана ўдзельнічалі ў абмеркаванні, не баяліся выказваць думкі і выступаць з канкрэтнымі прапановамі. “Такая ініцыятыўнасць моладзі, неабыякавасць да праблем калег сведчаць пра годную будучыню настаўніцкай справы”, – упэўнена каардынатар круглага стала, рэктар МГІРА Таццяна Іванаўна Мароз. Сяброўскую атмасферу падтрымаў старшыня Камітэта па адукацыі Міхаіл Уладзіміравіч Мірончык, які пачаставаў калег "яблыкамі", сімвалам фестывалю, і не адмовіўся ад фотаздымку на памяць з перспектыўнымі настаўнікамі.

Папоўніць метадычную скарбонку настаўнікі-прадметнікі змаглі на майстар-класах, дзе разглядаліся інавацыйныя формы працы з вучнямі, нестандартныя распрацоўкі ўрокаў, сакрэты матывацыі і стымулявання дзяцей. “Я ўжо планую праводзіць урокі з улікам тых ведаў, што набыла на майстар-класе “Удасканаленне інфармацыйнай культуры педагогаў праз укараненне тэхналогіі вэб 2.0 у адукацыйны працэс”. Гэта пашырыць магчымасць працы з інтэрнэт-рэсурсамі, аптымізуе і паскорыць засваенне новага матэрыялу вучнямі, бо яны будуць знаходзіцца ў пошуку, самастойна авалодваць некаторымі звесткамі”, – дзеліцца ўражаннямі малады настаўнік геаграфіі сталічнай СШ №21 Алена Міхайлаўна Дробуш.

Абсалютна па-новаму арганізатары спланавалі дамашняе заданне для маладых педагогаў. Аб’яднаўшыся ў групы ў залежнасці ад выкладаемага прадмета, настаўнікам неабходна было распрацаваць і правесці фрагмент урока на сцэне з вучнямі сталічных устаноў адукацыі. Цікавыя тэмы, творчы падыход, энергічны запал, супрацоўніцтва з дзецьмі – крэатыўныя педагогі зачароўвалі майстэрствам. Нават не верылася, што літаральна два месяцы назад яны толькі дэбютавалі ў настаўніцтве.

З года у год удзельнікі фестывалю атрымліваюць сертыфікаты, а самыя яркія і актыўныя ўзнагароджваюцца каштоўнымі падарункамі. Галоўнае моладзь бачыць у новых карысных знаёмствах, у набыцці вопыту, у тым, што сёння для педагогаў адкрыты ўсе шляхі, дзе можна развівацца як у прафесійным, так і асобасным плане, імкнуцца да самаўдасканалення і шчыра любіць абраную прафесію.

Галіна Мікалаеўна Стральчук,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ №21 г. Мінска,
старшыня савета маладых педагогаў Цэнтральнага раёна.

 

Не «студэнт на практыцы», а ПЕДАГОГ. Публікацыя на партале Zviazda.By

Festival pedagog idej 2014 1 2

Festival pedagog idej 2014 1 2 3

Festival pedagog idej 2014 1 2 4

 

 

Твитнуть