У Беларусі Аляксандра Антонавіча Сянкевіча (1884 — 1939) ведаюць як выдатнага грамадскага дзеяча, а ў Прымор'і яго прозвішча занесена ў спіс народных герояў грамадзянскай вайны. Але, пэўна, нямногім вядома, што гэты чалавек паслужыў прататыпам для стварэння шэрага мастацкіх вобразаў: Апеся Садовіча ўтрылогіі Якуба Коласа "На ростанях", Баса-Грэнкі ў яго ж п'есе "Забастоўшчыкг" і доктара Сташынскага ў рамане Аляксандра Фадзеева "Разгром".

Нарадзіўся А.А.Сянкевіч 20 студзеня 1884 года ў вёсцы Мікалаеўшчына Мінскага павета (цяпер Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці). Пасля народнага вучылішча паступіў у 1898 годзе ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю і ў 1902 годзе скончыў яе. Два гады працаваў настаўнікам у Старых Дарогах, а потым быў пераведзены ў Мікалаеўшчынскую школу.

Вялікі ўплыў на светапогляд маладога настаўніка аказала знаёмства з дзейнасцю і творамі рускіх сацыял-дэмакратаў, а таксама з рэвалюцыйна настроенымі педагогамі. Аляксандр Сянкевіч добра ўсведамляў неабходнасць саюза настаўніцтва, які б ясна акрэсліў далейшы шлях дзейнасці педагогаў, звязаў бы іх, паводле Якуба Коласа, "агульнаю ідэяю, ідэяю змагання за вызваленне з грамадзянскай і палітычнай няволі, за поўную рэформу школы, арганічна злучыўшы яе з патрэбамі жыцця". Перадавыя настаўнікі наладзілі сувязь паміж сабой і марылі стварыць творчае аб'яднанне. Вось імёны тых, хто ўпершыню на Беларусі даў пачатак арганізацыі настаўніцтва: Аляксандр Сянкевіч, Аляксандр Райскі, Нічыпар Янкоўскі, Хведар Калечыц, Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас), Сямён Самахвал, Уладзімір Міцкевіч, Антон Камароўскі, Адам Вайцахоўскі, Вікенць Віяленцій, Аляксандр Апяшкевіч, Міхаіл Пальчэўскі, іван Лапцэвіч, Іван Фёдараў (Янка Маўр), Аляксандр Філіповіч.

Свой першы з'езд настаўнікі вырашылі правесці пасля заканчэння навучальнага года. Вечарам 8 ліпеня 1906 года яны пачалі з'язджацца ў Мікалаеўшчыну. Сабралася каля 30 чалавек. Першае пасяджэнне адбылося на беразе Нёмана, у прыгожай мясціне Прыстанька. Старшынёйз'ездавыбралі Аляксандра Сянкевіча, сакратаром — Аляксандра Райскага, настаўніка Стаўпецкага мужчынскага народнага вучылішча. З'езд прыняў адозву "Да ўсіх настаўнікаў і настаўніц прыходскіх і іншых вучылішчаў", адрасаваную настаўнікам Мінскай губерні. Дэлегаты былі высачаны паліцыяй, пачаліся арышты, суды, ссылкі, расправы. А.Сянкевічу і Н.Янкоўскамудавялося эмігрыраваць у Амерыку.

Першы настаўніцкі з'езд не прайшоў бясследна. Многія педагогі адчулі неабходнасць барацьбы супраць царызму. А аднаму з удзельнікаўз'езда — Якубу Коласу — гэтая падзея асабліва глыбока запала ў душу: успаміны выкрышталізоўваліся, хвалявалі. Незвычайныя па духу і сіле, яны ляглі ў аснову твораў пісьменніка. Задума Якуба Коласа паказаць складаны шлях беларускага настаўніка ад "зялёнага" семінарыста да свядомага змагара вылілася ў трылогію "На ростанях". Твор у значнай ступені аўтабіяграфічны. Асобныя падзеі, героі, час і акалічнасці дзеянняў, адлюстраваныя ў аповесцях, мелі месца ў жыцці пісьменніка, таму за мастацкім вымыслам праглядваюцца рэальнасць і біяграфічнасць таго ці іншага факта.

Першая частка трылогіі — "У палескай глушы" — была напісана амаль за год (у 1921— 1922 гадах). Якуб Колас памастацку адлюстраваў пачатак шляху маладога настаўніка. Роздум над мэтай жыцця, хісткасць перакананняў, аналіз учынкаў і падзей, пошукі выйсця — усё гэта з'яўлялася тыповым для мноства настаўнікаў, якія пасля семінарыі шукалі правільную дарогу, Малюючы свайго героя ў чалавечым асяродцзі, пісьменнік з вялікім майстэрствам паказаў у рамане народ — тую сілу, якая, на думку аўтара, пад кіраўніцтвам перадавой інтэлігенцыі можа змесці існуючы лад.

Якуб Колас, сустракаючыся ў Мінску ў 20-я гады з Сянкевічам і ўспамінаючы разам з ім мінулае, усё часцей звяртаецца да матэрыялаўз'езда настаўнікаў. У 1924 годзе з-пад яго пяра выходзіць п'еса "Забастоўшчыкі", у аснову якой пакладзены сам факт з'езда. Прозвішчы яго ўдзельнікаў аўтар замяніў мянушкамі, дадзенымі многім яшчэў семінарыі. Іўсёжлёгка пазнаць за Басам-Грэнкам Аляксандра Сянкевіча, за Гарнаком — Сямёна Самахвала. Пад прозвішчам Хрушча Булыгі выступав Аляксей Аляшкевіч, Пясецкага — Аляксандр Райскі, Нічыпара — Нічыпар Янкоўскі.

П'еса "Забастоўшчыкі" пабудавана на паслядоўным раскрыцці фактаў. Характарыстыка герояў даецца праз іх дыялогі, дзеянні. Цэнтральнае месца ў творы займае гаспадар "дома крамолы і бязбожніцтва" настаўнік Бас-Грэнка. Калі іншыя (Гарнак, Лукашык) успрымаюцьжартам (ато і з бояззю) ідэю сходу настаўнікаў, то Бас-Грэнка, які, відаць, доўга выношваў гэтую задуму, ніколькі не сумняваецца ў патрэбнасці аб'яднання педагогаў. Ён цвёрда ўпэўнены, "што трэба склікаць з'езд, трэба самім арганізавацца і на з'ездзе вырашыць гэтыя пытанні". У вобразе Баса-Грэнкі пісьменнік паказаў не толькі ініцыятара і арганізатара настаўніцкага з'езда, але на фоне стракатай настаўніцкай масы вывеў сапраўднага барацьбіта, гатовага ў любую хвіліну ахвяраваць сваім жыццём дзеля народнага шчасця.

Адначасова пісьменнік творча і натхнёна працаваў над другой часткай сваёй трылогіі "На ростанях" — "У глыбі Палесся". Якраз у 1923 — 1927 гадах Якуб Колас выкладаў родную мову ў Белдзяржуніверсітэце. Сам характер работы штурхаў яго да разваг пра ролю педагогаў, настаўнікаў у жыцці грамадства, у фарміраванні грамадскай думкі, светапогляду маладога пакалення. У аснову вобразаў Баса-Грэнкі і Алеся Садовіча (трылогія "На ростанях") лёг адзін і той жа прататып — Аляксандр Сянкевіч. I таму для нас важна, наколькі поўна і ўсебакова намаляваў пісьменнік вобраз Сянкевіча-Садовіча, як і якія рысы характеру падкрэсліў, тыпізаваў.

У першыню з Алесем Садовічам мы сустракаемся на пачатку аповесці "У глыбі Палесся". Лабановіч, прыехаўшы на лета дадому, на станцыі сустрэў свайго земляка-аднакашніка Садовіча. "Сябры шчыра абняліся. Блізка год яны не бачыліся і за гэты час значна змяніліся. Гапоўным чынам змяніліся таму, што з семінарскіх шкур павылузваліся". Радасць сустрэчы заключалася менавіта ў тым, што можна было выліць адзін аднаму накіпелае за год, думанае-перадуманае, выказаць трывогі, сумненні, меркаванні, падзяліцца планамі, надзеямі... Садовіч расказвае, і ў яго голасе — "ноткі нездавальнення і расчаравання сваім маладым настаўніцкім жыццём і тою абстаноўкаю, у якой прыходзілася жыць". Але ў чым жа выйсце?

— Усе мы, браток, напэўна, за першы год настаўніцтва многа навучыліся мужнасці жыцця. Самае галоўнае, друг ты мой, — гэта тое, каб не страціць усведамлення сваіх памылак.

— Правільна, старына, — падхапіў Садовіч. — Трэба ж, брат, знайсці ў жыцці нешта такое, што дадавала б сэнсу гэтаму жыццю. Трэба перш за ўсё пашырыць свой кругагляд, выблытацца з павуціння, што засланяе разумнае жыццё...

Гэтыя разважанні мелі для сяброў тое значэнне, што падмацавалі ў іх шуканнях чагось новага, асэнсаванага і падымалі над забраснявелым балотам грамадскага жыцця; гэтыя разважанні падтрымалі той агонь, які не дае памерці і заглух у чалавеку для грамадскай работы, — адным словам, яны былі як бы маральнаю чысткаю, што ніколі не шкодзіць чалавеку".

Колас тонка паказвае розніцу паміж праўдашукальнікамі і тымі героямі “зялёнага поля”, якіх засмактала “забраснявелае балота”. Праўда, не ўсё чалавечае выветрылася з гэтых абывацельскіх душ, але намеры і думкі іх не ідуць далей карт і выпівак. Няхай Садовіч і Лабановіч пакуль што няпэўныя ў сваіх пошуках, але зразумела і тое, што яны не прынялі "зялёнага поля" і тых "драпежніцкіх, прагавітых, закураных пылам і дымам" нялюдскіхтвараў. Пасля напісання аповесці "У глыбі Палесся" Якуб Колас толькі больш чым праз дваццаць гадоў "вярнуўся" да сваіх герояў. 3 канца 40-х гадоў яго ўяўленне зноў трывожаць успаміны рэвалюцыйнай маладосці. I разам з Якубам Коласам "ідзе" да настаўніцкага з'езда Лабановіч. Цяпер ён разумее, што "ісці далей па шляху барацьбы адзіночкай-саматужнікам нельга". "Патрэбна згодная, па выпрацаваным плане работа тысяч людзей, якая б біла ў адзін пункт". Ён успамінае Алеся Садовіча і Янку Тукалу. "Ці не аб гэтым жа самым думалі і яны, калі заводзілі гутарку аб трыўмвіраце, аб пастаяннух зносінах паміж сабою". Так, не ў аднаго Лабановіча затоена думка аб яднанні сіл. "Садовіч пісаў, што яго школа стала прыстанішчам настаўнікаў, што з імі жыве Янка Тукала, Алесь Лушкевіч з-пад Шчорсаў і яшчэ збіраецца прыехаць некалькі чалавек. У пачатку ліпеня, не пазней пятага, — пісаў сябар, — павінен быць і ты, — непрыменна, абавязкова. Наладжваецца гуртковая маёўка. Трэба ж, чорт вазьмі, гульнуць хоць раз у год. Лабановіч зразумеў, на што намякае яго зямляк і блізкі сябар". Няцяжка заўважыць, з якой цеплынёй і прыхільнасцю адносіцца аўтар да Садовіча. Не па гадах жыццёвая сталасць, рашучасць, зычлівы гумар, упэўненасць — і чытач разам з Лабановічам пранікаецца павагай і любоўю да гэтага "зачыншчыка і крамольніка".

Авось Лабановіч прыязджае на з'езд, і яго сустракае "гурт маладых, бадай што ўсіх знаёмых, настаўнікаў", і ў гэтым "натоўпе быў Садовіч як лідар". Школа Садовіча стала прыстанню для ўсіх, хто прыехаў, падаў голас за свае правы, прыехаў, каб палажыць першы камень у асновутаго ўяўнага "сонца".

Усведамляючы, што без падтрымкі сялян на поспех разлічваць нельга, "Садовіч часта вёў з Шуськам і Раткевічам гутаркі, навучыў іх трохі разбірацца ў палітыцы. "Гэта наша апора, без народа ў нашых справах не наваюеш", — казаў Садовіч Андрэю", і Лабановічу стала зразумела, што гаворкі, якія ён і Садовіч вялі з сялянамі, не прапалі марна. "Маладзец Бас! — пахваліў ён у думках Садовіча. — Сапраўды, гэта наша апора!" У рамане перададзена любоў і павага сялян да сваіх абаронцаў: калі паліцыя хацела арыштаваць удзельнікаў з'езда, народ дружна заступіўся за іх і не аддаў у рукі "архангелаў"...

Апынуўшыся ў Злучаных Штатах, Аляксандр Сянкевіч зведаў цяжкі лёс эмігранта. Працаваў на будаўніцтве, на лесараспрацоўках, быў лаўцом вустрыц. Сутыкнуўшыся з амерыканскай "свабодай" і "роўнасцю", ён актыўна ўключыўся ў барацьбу за правы працоўных: у 1907 годзе стаў членам Амерыканскай сацыялістычнай партыі, у партыйным друку змяшчаў публіцыстычныя артыкулы, праводзіў значную работу ў калоніях эмігрантаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы.

3 1913 года Сянкевіч пачаў працаваць у савеце арганізацыі "Індустрыяльныя рабочыя свету". Адначасова вучыўся і паспяхова закончыў Балтыморскі інстытуг дактароў і хірургаў. Медыцынскую практыку спалучаў з актыўнай дзейнасцю, у якой дапамагала жонка — Ганна Трызна, таксама беларуская эмігрантка. (Уражанні ад жыцця на амерыканскім кантыненце выліліся пазней у аповесць "Вандраванне Васіля", якая выйшла асобнай кнігай у 1932 годзе ў Мінску.)

Даведаўшыся, што ў Расіі адбываецца рэвалюцыя, А.Сянкевіч вярнуўся на Радзіму. Спачатку працаваў урачом Іванаўскага ўчастка Нікольска-Усурыйскага павета Прыморскай вобласці, а пасля быў выбраны членам Прыморскай абласной земскай управы. Разам з працоўнымі Далёкага Усхода Сянкевіч выступіў за абарону маладой Рэспублікі Саветаў супраць іншаземных інтэрвентаў. У канцы чэрвеня — пачатку ліпеня 1919 года ў вёсцы Сяргееўка адбыўся з'езд працоўных, які выбраў Сяргея Лазо камандуючым усімі партызанскімі атрадамі Прымор'я. У склад выканкама з'езда ўвайшоў А.Сянкевіч.

У партызанскім атрадзе Аляксандр Антонавіч арганізаваў шпіталь. Тут ён быў прыняты ў члены Камуністычнай партыі. Адступаючы, партызаны эвакуіравалі шпіталь у вярхоўе ракі Сучан, за вёску Малчанаўка. У цяжкіх умовах доктар Сянкевіч выратаваў жыццё многім параненым партызанам. Стомлены баямі, пастаяннымі галадоўкамі, цяжка захварэў Сяргей Лазо. Як расказвае ўдзельнік грамадзянскай вайны Леў Перлін, Сянкевіч літаральна вырваў камандуючага атрадамі з рук смерці.

Адзін з удзельнікаў партызанскай барацьбы на Далёкім Усходзе пісьменнік А.А.Фадзееў задумаў у 1921 годзе напісаць кнігу аб грамадзянскай вайне. Працуючы партызанскім агітатарам, Аляксандр Булыга (Фадзееў) міжволі стаў сведкам тых падзей, якія ляглі крыху пазней (у 1925 — 1926 гадах) у аснову яго рамана "Разгром". Нягледзячы на невялікую колькасць персанажаў твора (з эпізадычнымі іх каля 30) і кароткі час дзеяння (каля двух-трох месяцаў), пісьменнік здолеў па-майстэрску паказаць жыццёвасць ідэй змагання, супярэчлівасць некаторыххарактараў, стварыць непаўторны вобраз важака. Знаёмства Апяксандра Фадзеева з Аляксандрам Сянкевічам паслужыла пісьменніку матэрыялам для стварэння ў рамане вобраза Сташынскага. "Варта прачытаць "Разгром" Сашы Фадзеева, — піша ва ўспамінах пра А.Сянкевіча камандзір 1-га Далёкаўсходняга савецкага партызанскага палка Мікалай Кірылавіч Ільюхоў, — менавіта тыя месцы яго кнігі, дзе ён піша аб партызанскім шпіталі і яго жыхарах, варта прачытаць дзённікавыя запісы пісьменніка, і стане зразумела, як любіў нашага цудоўнага лекара нябожчык А.А.Фадзееў".

У рамане выразна намаляваны партрэт Сташынскага: “Высокі, нягнуткі мужчына з доўгім і жоўтым тварам, з глыбока запалымі бліскучымі вачыма”. Пісьменнік, добра валодаючы майстэрствам дэталі, даў некалькі скупых, але важных біяграфічных звестак пра Сташынскага, у двух-трох эпізодах здолеў раскрыць характер гэтага замкнутага і самаахвярнага чалавека. Вайна злучыла ў адным атрадзе Левінсона, Бакланава і Мяцеліцу, Сташынскага, Дубава і Ганчарэнку, Марозку, Вару і Мечыка, злучыла, каб выпрабаваць іх I гарт і адсеяць "усё няздольнае да сапраўднай рэвалюцыйнай барацьбы".

Ёсць у рамане мастацка-вобразная паралель Сташынскі — Левінсон. Мужны, разважпівы, разумны Левінсон трымае атрад у строгім парадку. Праўда, часам закрадваюцца і ў яго сэрца сумненні. "Аднак ніхто, апрача Сташынскага, не ведаў, што Левінсон наогул можа хістацца: ён ні з кім не дзяліўся сваімі думкамі і пачуццямі, падносіўужо гатовыя "так" або "не". Таму ён здаваўся ўсім — за выкпючэннем такіх людзей, як Дубаў, Сташынскі, Ганчарэнка, якія ведалі яго праўдзівую цану, — чалавекам, асобай правільнай пароды". Сташынскі і Левінсон падтрымлівалі моцную сувязь, дзяліліся планамі далейшых мерапрыемстваў і баявыхдзеянняў. 

3 прыходам восені шпіталь пачынае "разгружацца". Застаюцца двое: безнадзейны Фралоў і амаль здаровы Мечык. Заставацца ў шпіталі Сташынскаму з-за аднаго Фралова, у якога "ніякіх надзей", Левінсон лічыць небяспечным і дарэмным. I доктар вымушаны даць хвораму вялікую дозу морфію. Верагоднасць факта вымушанай смерці партызана, апісанага Фадзеевым, пададзена ва ўспамінах М.К.Ільюхова: "У гэтых, здавалася, невыносных умовах Сянкевіч выратаваў усіх раненых, збавіў іх ад гангрэн, вылечыў, акрамя... акрамя аднаго партызана. Ім быў шахцёр Сучанскіх капальняў Байкоў. Ранены ён быў у жывот. Разрыўная японская куля развярнула ў яго ўвесь кішэчнік. Сянкевіч рабіў усё, каб выратаваць раненага. Але гэта была зацікаўленасць чалавека вялікай душы. Свядомасць лекара гаварыла аб іншым. Ён разумеў, што справа тут безнадзейная... Сянкевіч накіраваўся ў шалаш, дзе ляжаў Лазо. Ён вырашыў параіцца з камандуючым. Лазо спытаў: "Ёсць якая-небудзь надзея выратаваць раненага?" Сянкевіч адказаў, што надзеі няма. Удвух яны вырашылі дапамагчы раненаму. Цяжкі лёс выпаў Сянкевічу! Мужны, нязломны чалавек... рыдаў, калі даваў раненаму партызану моцную дозу морфію. Партызан заснуў навек спакойным. Лазо, хаваючы ад Сянкевіча, расказаў мне потым аб трагедыі гэтага чалавека (Сянкевіча. — А.К.), і Аляксандр, такса ма хаваючы ад Лазо, расказваў мне, як камандуючы стаяў за дзвярыма шалаша і таксама плакаў".

Літаратуразнавец А.Бушмін пісаў пра герояў і персанажаў рамана: "Сістэма вобразаў "Разгрома", узятая ў цэлым, адлюстравала рэальна-тыповыя суадносіны асноўных сацыяльных сіл нашай рэвалюцыі. У ёй удзельнічалі пралетарыят, сялянства і інтэлігенцыя, якой кіравала Камуністычная партыя. Адпаведна гэтамуў "Разгроме" паказаны "вугальнае племя", якое ідзе ў авангардзе барацьбы, сяляне, інтэлігенцыя ў яе станоўчых (Сташынскі) і адмоўных (Мечык) тыпах, бальшавік-камандзір Левінсон".

Як было адзначана вышэй, вобраз доктара Сташынскага А.Фадзееў пісаў з Аляксандра Сянкевіча. Усё ў ім рэальнае, біяграфічнае за выключэннем аднаго: у рамане Сташынскі гіне, у жыцці застаеццажывым.

Не толькі Фадзееў увекавечыў А.Сянкевіча. Дзейнасць гэтага сумленнага чалавека, самаахвярна адцанага Радзіме, адлюстравана ў кнігах успамінаў, мемуарах былых удзельнікаў грамадзянскай вайны, а таксама ў мастацкіх творах. М.М.Мацвееў-Бодры пісаў: "Мы, прыморцы, ганарымся А.А.Сянкевічам, і хаця ён сын Беларусі, але і для нас гэты найцудоўнейшы чалавек не менш дарагі, і мы лічым яго сваім земляком".

У сакавіку 1920 года Аляксандр Сянкевіч з сям'ёй пераехаў у Хабараўск і быў вылучаны на пасаду камісара земляробства краю.

А з роднай Беларусі прыходзілі невясёлыя весткі. Першая сусветная і грамадзянская войны, белапольская акупацыя спустошылі край. Неабходна было аднаўляць гаспадарку. У эканоміцы, асвеце, медыцыне — усюды патрэбны былі кваліфікаваныя кадры. У сярэдзіне 1921 года А.Сянкевіч вярнуўся ў Беларусь. Пастановай Саўнаркама БССР ён адразу пасля прыезду прызначаны наркамам аховы здароўя рэспублікі. Аляксандр Антонавіч рабіўусё магчымае, каб наладзіць медыцынскае абслугоўванне насельніцтва, упарадкаваць сельскія і гарадскія бальніцы, зменшыць колькасць ахвяр ад тыфу, туберкулёзу. На старонках рэспубліканскіх газет ён пастаянна выступаў па розных медыцынскіх і санітарна-асветніцкіх пытаннях. Па ініцыятыве наркама аховы здароўя ў 1922 годзе скпіканы з'езд медыцынскіх работнікаў сельскай мясцовасці Беларусі, пасля — Усебеларускі з'езд работнікаў аховы здароўя.

А.Сянкевіч удзельнічаў у рабоце шэрага з'ездаў Кампартыі Беларусі і ўсебеларускіх з'ездаў саветаў. На з'ездзе КП(б)Б выбраны кандыдатам у члены ЦК, на — XIII з'ездах — членам ЦК КП(б)Б, быў членам бюро ЦК КП(б)Б, з'яўляўся членам Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР.

3 грамадскай дзейнасцю Аляксандр Сянкевіч спалучаў літаратурную. Першы нумар "Маладняку" змясціў яго артыкул "Фізічнае выхаванне на вёсцы" (наогул, ён удзяляў значную ўвагу развіццю фізкультуры і спорту, быў адным з першых папулярызатараў іх на Беларусі). У невялікай брашуры "Слова пра евангелістаў" Сянкевіч выкрываў рэлігійную секту, паказваючы яе лжывыя мэты, раскрываючы яе сацыяльныя карані ў розных краінах — Расіі, ЗША, Германіі. Часопіс "Полымя" друкаваў яго ўспаміны аб рэвалюцыйных падзеях у 1905 — 1907 гадах, пачатак аповесці "Вандраванне Васіля". У 1923 годзе Сянкевіч прызначаны рэдактарам часопіса "Полымя".

Рост прамысловасці, развіццё сельскай гаспадаркі, культурнае будаўніцтва — усё гэта патрабавала спецыялістаў. Камуністычны ўніверсітэт нацыянальных меншасцей, пры якім адкрыўся беларускі сектар, з'яўляўся адной з найбуйнейшых тагачасных устаноў, якая рыхтавала для саюзных рэспублік высокакваліфікаваныя кадры. 20 снежня 1924 года Сянкевіч быў прызначаны загадчыкамі гэтага сектара і выехаў у Маскву. 3 чэрвеня 1926 года ён працаваў дацэнтам кафедры гісторыі партыі і ленінізму на факультэце права і гаспадаркі ў Белдзяржуніверсітэце. У лістападзе 1928 года Сянкевіч прызначаны рэктарам Мінскага Камуністычнага ўніверсітэта імя У.І.Леніна, адначасова — загадчыкам аддзелаў друку, культуры і прапаганды ЦК КП(б)Б.

Член Нацыянальнай камісіі ЦБК БССР, дырэктар Інстытута літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР, дырэктар Інстытута камунальнай санітарыі Наркамата аховы здароўя РСФСР, намеснік адказнага рэдактара аддзела "Апошніх паведамленняў" Камітэта па радыёфікацыі і радыёвяшчанні пры Савеце Народных Камісараў СССР.. Усё, чым жыла Беларусь, краіна, хвалявала гэтага чалавека, але ў 1938 годзе Аляксандр Сянкевіч быў беспадстаўна рэпрэсіраваны і толькі ў 1956 годзе рэабілітаваны.

Алесь КАМАРОЎСКІ, пісьменнік, в.Мікалаеўшчына

 

Твитнуть