У Беларуска-Расійскім універсітэце з новага навучальнага года пачнуць рыхтаваць спецыялістаў па абслугоўванні электрамабіляў. На гэтай спецыяльнасці будуць вучыць правільна эксплуатаваць і рамантаваць транспартныя сродкі, абсталяваныя аўтаномнымі электрапрыводамі, а таксама мадэрнізаваць ужо існуючыя мадэлі і ствараць новыя.

На сёння ў свеце асноўны трэнд — гэта электрамабілі і электрарухавікі для іх, — расказаў загадчык кафедры “Электрапрывод і аўтаматызацыя прамысловых установак” Генадзь Сяргеевіч Лянеўскі. — За гэтымі механізмамі будучыня. Магу з упэўненасцю сказаць, што літарэльна праз 20 гадоў колькасць бензінавых аўтамабіляў будзе мінімальнай — усе пачнуць ездзіць на электрамабілях, для абслугоўвання якіх спатрэбяцца кваліфікаваныя спецыялісты. Гэта як з мабільнымі тэлефонамі: два дзясяткі гадоў назад мы нават уявіць сабе не маглі, што ў кожнага з’явіцца такая прылада.

Стымулюючыя крокі ў інавацыйным кірунку робіць і кіраўніцтва краіны: у ліпені быў падпісаны ўказ, які спрыяе пашырэнню выкарыстання электрамабіляў у рэспубліцы, а таксама стварэнню і развіццю сеткі зарадных станцый для іх. У прыватнасці, дакументам прадугледжана вызваленне ад выплаты пошліны за выдачу дазволу на допуск такога транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху — так званага дарожнага падатку. Асобныя льготы ў выглядзе вызвалення ад падатку на дабаўлены кошт будуць прадастаўляцца і імпарцёрам зарадных станцый.

Elektro mob

Пасля азнаямлення з апошнімі тэндэнцыямі сусветных рынкаў кіраўніцтва ўніверсітэта вырашыла вучыць спецыялістаў па абслугоўванні электрамабіляў на базе ўстановы, прычым вылучыць гэты напрамак у асобную спецыяльнасць, а не ўводзіць дадатковыя гадзіны ва ўжо існуючыя праграмы навучання. Па словах загадчыка кафедры, гэтая неабходнасць выклікана дыферэнцыяцыяй — падрыхтоўкай вузкаспецыялізаваных кадраў, якія могуць хутка і якасна справіцца з пастаўленай задачай.

— У прынцыпе, інжынеры-электрыкі, якія вучыліся па спецыяльнасці “Аўтаматызаваныя электрапрыводы”, могуць займацца праектаваннем, мадэрнізацыяй і эксплуатацыяй электрамабіляў розных марак. Аднак калі ўлічваць той факт, што электрамабіль — гэта закончаная інжынерная думка, матэрыялізаваная ў метале, і кожны вытворца такога транспартнага сродку імкнецца выпусціць свой унікальны выраб, то гаворка ідзе ўжо аб асобнай спецыялізацыі, якая патрабуе падрыхтоўкі спецыяліста з пэўным спецыфічным наборам ведаў і ўменняў, — падкрэсліў суразмоўнік.

Для навучання па згаданай спецыяльнасці ва ўніверсітэце створана асобная вучэбная лабараторыя, набыты аўтамабіль з электрычным рухавіком японскай маркі Nissan Leaf і зараднай прыладай, закуплены два дыягнастычных ком- плексы фірмы Bosch, вядучага сусветнага вытворцы электраабсталявання і апектронных сістэм. Дарэчы, усё гэта спатрэбіцца для навучання не толькі студэнтаў, але і тых, хто захоча авалодаць навыкамі абслугоўвання новага віду транспартных сродкаў (на кафедры плануюць адкрыць платныя курсы для ўсіх жадаючых).

Для таго каб паступіць на новую спецыяльнасць, неабходна будзе здаць лрофільныя для тэхнічных навучальных устаноў экзамены — фізіку і матэматыку. Набор будзе ажыццяўляцца як на беларускі, так і на расійскі бюджэт. Стандартны тэрмін навучання — 5 гадоў. 3 працаўладкаваннем у выпускнікоў праблем не ўзнікне: універсітэт гарантуе даць кожнаму першае працоўнае месца.

Штогод кафедра “Электрапрывод і аўтаматызацыя прамысловых установак” выпускае каля 100 інжынераў-электрыкаў. Так, за апошнія 10 гадоў са сцен універсітэта выйшлі каля 5 тысяч такіх спецыялістаў. Гэта адзін з самых запатрабаваных кірункаў прафесійнай падрыхтоўкі са стабільна высокім конкурсам пры паступленні. Са з’яўленнем новай спецыяльнасці папулярнасць кафедры сярод абітурыентаў узрасце яшчэ больш.

Аўтар Юлія БАЧКАРОВА

Артыкул з газеты "Настаўніцкая газета"

Фота БЕЛТА

 

Твитнуть