24 мая ў спартыўным комплексе “Веладром” Мінскага культурна-спартыўнага комплексу “Мінск-Арэна” адбылася цырымонія закрыцця III Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2018, на якой прысутнічалі прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў нашай краіны, вытворцы, педагогі, навучэнцы. У закрыцці конкурсу прымалі ўдзел прадстаўнік Міністэрства адукацыі, рэктар БДУІР В.А.Богуш, рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі В.М.Галубоўскі.

kazn3640

Так мала часу доўжыцца спаборніцтва і так многа дае яно кожнаму ўдзельніку. Успаміны аб ім застануцца назаўсёды. Толькі два дні працягваўся ІІІ Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства. Здавалася, як цяжка ўмясціць у гэты кароткі тэрмін усё тое, што прывёз кожны ўдзельнік на конкурсную пляцоўку, схаваць эмоцыі, хваляванне і прадэманстраваць усё сваё ўменне. Заданні былі даволі складанымі па кожнай кампетэнцыі. Пры іх выкананні трэба было не толькі выдатна валодаць прафесійнымі навыкамі, але і выкарыстоўваць спрыт, тэхнічнае мысленне, творчы ўзлёт думкі і байцоўскі характар. Пляцоўкі па кожнай кампетэнцыі былі аснашчаны сучасным высокатэхналагічным абсталяваннем, з якім кожны канкурсант умела спраўляўся пры выкананні задання.

kazn2640

Сёлетні чэмпіянат уражваў сваёй грандыёзнасцю дзеяння. Гэта быў адзіны шумлівы вулей, дзе канкурсанты стругалі, муравалі, складалі букеты кветак, рамантавалі машыны, вялі заняткі з дашкалятамі, стваралі робатаў, займаліся графічным дызайнам. Рух WorldSkills ужо даўно выйшаў за рамкі аднаго спаборніцтва, ён прыжыўся ў кожным рэгіёне, у большасці навучальных устаноў і запаў у душу нашых навучэнцаў. Узросшая колькасць прафесійных кампетэнцый, па якіх выступалі канкурсанты, іх разнастайнасць — сведчанне таго, што расце ўзаемадзеянне сістэмы прафесійнай адукацыі і заказчыкаў кадраў, а гэта значыць, што такі тандэм дазволіць насыціць рынак працы высокакваліфікаванымі кадрамі. Як адзначыў В.М.Галубоўскі, WorldSkills дазваляе выйсці нашай краіне на міжнародную арэну, спрыяе павышэнню інвестыцыйнай прывабнасці Беларусі і, безумоўна, будзе і далей імкліва развівацца.

kazn1640

У час цырымоніі ўзнагароджвання канкурсантаў, якія перамаглі ў сваіх прафесійных кампетэнцыях, В.А.Богуш адзначыў, што з пераможцаў сёлетняга нацыянальнага чэмпіянату будзе фарміравацца зборная каманда Беларусі на наступны чэмпіянат WorldSkills, які адбудзецца ў 2019 годзе ў расійскім горадзе Казані. Таму бывай, WorldSkills Belarus, і да сустрэчы на WorldSkills Kazan!

Аўтар: Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

Настаўніцкая газета

Твитнуть