Як падняць прэстыж настаўніка? Я гэтую праблему бачу на чатырох узроўнях.

На дзяржаўным узроўні. Мяне заўсёды здзіўляў той факт, што ў нашым грамадстве недаацэньваецца настаўнік як прафесіянал. Шмат заслужаных артыстаў і спартсменаў, мастакоў і музыкантаў і зусім мала настаўнікаў. Тыя, прозвішчы якіх прасочваюцца ў прэсе, атрымалі званне "Заслужаны настаўнік" яшчэ ў БССР. А сярод педагагічных работнікаў рэспублікі сёння многа майстроў сваёй справы, сапраўдных прафесіянапаў і творцаў дзіцячых душ. Толькі ў маім горадзе Гомелі я ведаю некалькі дзясяткаў чалавек, якія заслугоўваюць як мінімум медаля за шматгадовую добрасумленную працу. Некаторыя з іх павінны насіць званне "Заслужаны настаўнік"! Трэба, каб кожны год хаця б 2—3 настаўнікі ад кожнай вобласці ўзнагароджваліся дзяржавай і іх вопыт рэкламаваўся ў сродках масавай інфармацыі. Аднак па тэлевізары паказваюць любыя конкурсы, акрамя педагагічных, — вось вам і прэстыж прафесіі!

На ўзроўні ВНУ. I зноў здзіўленне. На педагагічныя спецыяльнасці набіраюць усіх жадаючых, многім з якіх неабходны толькі дыплом аб адукацыі. Вось і атрымліваецца, што працаваць у школе будуць тыя, хто часам і не прыгодны да педагагічнай дзейнасці. А яшчэ здзіўляе факт, калі ўвесь выпускны курс накіроўваецца па размеркаванні ў школы. Пры гэтым забываецца, што настаўнік — гэта асаблівы ў школе чалавек: эрудзіраваны, з шырокім кругаглядам, псіхолаг і выхавальнік, творчая асоба і арганізатар. Не кожны студэнт валодае такімі якасцямі. На практыцы мы часта бачым, што ў школу прыходзіць пасля ВНУ адпрацоўваць два гады амёбападобная істота, без энтузіязму і агню ў вачах і з думкай у галаве: "Ці хутка гэтыя пакуты скончацца?" Канечне, адыгрывае ролю і зарплата, апе апрыёры такія "маладыя настаўнікі" ў школе праца¬ваць не застануцца. Таму ВНУ трэба перш за ўсё змяніць падыходы да набору абітурыентаў на педспецыяльнасці. Магчыма, зменшыць наборы на першыя курсы Колькасна, палепшыўшы якасць менавіта прафесійнай падрыхтоўкі. I пры размеркаванні (працаўладкаванні) усё ж такі накіроўваць у сістэму адукацыі сапраўды прафесійных работнікаў, а не ўсіх пад адзін грэбень.

На школьным узроўні. Як мы чакалі Кодэкс аб адукацыі! Лічылі, што гэты дакумент нарэшце павысіць прэстыж і абарбніць настаўніка ад розных замахаў з боку бацькоў і іншых суб'ектаў. Але... Па гэты дзень бацькі ўмешваюцца ў вучэбны працэс, дыктуюць сваю волю і жаданне, вырашаюць, якія педагагічныя прыёмы і формы работы лепш выкарыстоўваць настаўніку ў сваёй рабоце і колькі нагружаць ведамі любімых падлеткаў. Адміністрацыі школ баяцца пайсці на канфлікт з бацькамі, аспрэчыць іх пункт гледжання, а таму настаўнікі застаюцца без абароны. У гутарцы з бацькамі я чую адно і тое ж: "Школа прападзе без нас, вы ж увесь час ходзіце з працягнутай рукой. Жабракі!" Пра які прэстыж можа ісці гаворка, калі школа і сапраўды шмат у чым трымаецца за кошт бацькоўскай матэрыяльнай дапамогі?! Што часта заканчваецца спекуляцыяй з адзнакамі. На выпускным вечары майго класа я пачуў вельмі крыўдную фразу: "Я столькі грошай уклала ў гэтую школу, а ў выніку — ніводнай дзявяткі і дзясяткі ў атэстаце". Пакуль мы будзем залежаць ад бацькоў, замяняць іх функцыі, пакуль бацькі не стануць адказнымі за навучанне і выхаванне сваіх дзяцей, па¬куль ад сям'і дзяржава не запатрабуе адказнасці за вынікі навучання, экзаменаў і ЦТ, толку не будзе ніякага. Павінен быць закон, які б абавязваў бацькоў дапамагаць школе і фінансава, і педагагічна. А на прадпрыемствах павінен быць уведзены артыкул у падтрымку школы (бацькі змогуць адлічаць штомесяц матэрыяльныя сродкі непасрэдна на сваіх месцах работы).

На асабістым узроўні. Прэстыж прафесіі залежыць і ад кожнага чалавека паасобку. Любы настаўнік павінен зарэкамендаваць сябе як варты павагі прафесіянал, творча падыходзіць да работы, захапляць навучэнцаў, вызначацца эрудыцыяй і кругаглядам у сваёй прадметнай галіне, пастаянна працаваць над сабой і бесперапынна вучыцца. Калі дзеці ўсё гэта бачаць і адчуваюць значнасць і сілу настаўніка-выхавальніка, іх меркаванне падтрымліваюць бацькі і суседзі, сваякі і сябры. Аўтаматычна павышаецца рэйтынг настаўніка, а ў цэлым — і прэстыж настаўніцкай прафесіі. Прэстыж настаўніка можна павысіць, але сумеснымі намаганнямі дзяржавы, ВНУ, школы і самога педагога. I калі ўсе гэтыя інстанцыі будуць працаваць у звязцы, настаўнік зноў стане ў нашым грамадстве найважнейшай прафесіяй і, галоўнае, чалавекам.

Сяргей ДУБКОЎ, настаўнік-метадыст сярэдняй школы № 43 Гомеля.

Публікацыя ў "Настаўніцкай газете" ад 25 жніўня 2016 г. 

Твитнуть