Сёлета плануецца правесці рэспубліканскі агляд-конкурс на лепшы студэнцкі інтэрнат, а таксама ўганараваць лепшыя студэнцкія сем’і. Такая інфармацыя была агучана падчас пасяджэння круглага стала, удзел у якім прынялі прадстаўнікі Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, а таксама члены каардынацыйнага савета старшынь прафкамаў навучэнцаў пры ЦК галіновага прафсаюза.

— Летась маладзёжная палітыка знаходзілася ў цэнтры ўвагі галіновага прафсаюза, — адзначыла падчас мерапрыемства галоўны спецыяліст апарату Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Леанідаўна Каменка. — У Год моладзі былі праведзены прымеркаваныя да Дня беларускай навукі злёт прафактыву студэнтаў і навучэнцаў “Будучыня пачынаецца сёння”, акцыя для прафсаюзных актывістаў-выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі “Студэнцтва і прафсаюз разам”, галіновы прафсаюз браў актыўны ўдзел у святкаванні 70-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, іншых мерапрыемствах. Напярэдадні Міжнароднага дня студэнтаў Цэнтральны камітэт нашага прафсаюза выплаціў аднаразовыя стыпендыі лепшым студэнтам, магістрантам, аспірантам устаноў вышэйшай адукацыі, а таксама навучэнцам устаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Нарэшце, трэба ўзгадаць: прадстаўнік галіновага прафсаюза прымаў удзел у рабоце Рэспубліканскага маладзёжнага савета пры міністры адукацыі.

Як расказаў член Рэспубліканскага маладзёжнага савета пры міністры адукацыі, старшыня каардынацыйнага савета старшынь прафкамаў навучэнцаў пры ЦК Беларускага прафсаюза адукацыі і навукі, старшыня прафкама студэнтаў БДЭУ Міхаіл Фляр’янавіч Барэйша, у склад новай структуры ўвайшлі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, іншых органаў дзяржаўнага кіравання, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, БРСМ, прафсаюзаў. Сярод галоўных мэт Рэспубліканскага маладзёжнага савета, які будзе збірацца на рэгулярнай аснове, вызначаны разгляд прапаноў па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у нарматыўныя прававыя акты. Такім чынам, у студэнтаў і навучэнцаў з’явілася дадатковая пляцоўка для абмеркавання ўсіх актуальных пытанняў.

— У ліку асноўных напрамкаў дзейнасці каардынацыйнага савета старшынь прафкамаў навучэнцаў — праблемы выплаты стыпендый, аплаты за навучанне, медыцынскага абслугоўвання і санаторна-курортнага лячэння, арганізацыі харчавання, забеспячэння месцамі ў інтэрнатах, — зазначыў Міхаіл Барэйша. — Праведзены намі маніторынг паказаў, што дзякуючы будаўніцтву студэнцкай вёскі ў сталіцы, іншым мерам пытанне з засяленнем студэнтаў стала менш вострым: калі ў кастрычніку 2014 года ў інтэрнатах назіраўся дэфіцыт больш чым 21 тысячы месцаў, то цяпер — 13,1 тысячы. Але пры гэтым даводзіцца канстатаваць, што ў Гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы, Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускім дзяржаўным універсітэце, Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, некаторых іншых установах адукацыі сітуацыя застаецца няпростай. У сувязі з гэтым неабходна весці гаворку аб працягу будаўніцтва студэнцкай вёскі ў сталіцы, а таксама аб вывучэнні магчымасцей засялення студэнтаў у рабочыя інтэрнаты.

Пытанне з забеспячэннем іншагародніх студэнтаў месцамі ў інтэрнатах было разгледжана прэзідыумам галіновага прафсаюза, які падтрымаў шэраг прапаноў каардынацыйнага савета старшынь прафкамаў навучэнцаў. Прынята рашэнне правесці ў 2016 годзе рэспубліканскі агляд-конкурс на лепшы студэнцкі інтэрнат. Яго ўмовы будуць вызначаны ў адпаведным палажэнні, прычым не выключана, што надалей агляд-конкурс стане традыцыйным. Акрамя таго, паведаміла намеснік старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Валянціна Аляксееўна Ільіна, плануецца здзейсніць яшчэ некалькі цікавых праектаў, у тым ліку арганізаваць на рэспубліканскім узроўні ўганараванне лепшых студэнцкіх сем’яў, а таксама наладзіць на сайце галіновага прафсаюза рэгулярны выпуск спецыяльнай старонкі з інфармацыяй аб дзейнасці студэнцкіх прафкамаў. 

Публікацыя ў "Настаўніцкай газете" ад 14 студзеня 2016 г.

Твитнуть