Самыя эрудзіраваныя маладыя людзі краіны сабраліся ў мінулую суботу ў сталіцы, каб высветліць, хто з іх лепшы. У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце прайшоў ІV Рэспубліканскі турнір для навучэнцаў 7—11 класаў «Кубак палітэха».

Каля 300 маладых эрудытаў прадставілі 50 камандаў з 20 гарадоў, сярод якіх Віцебск, Магілёў, Гомель, Мазыр, Полацк, Мінск. Праграма мерапрыемства складалася з інтэлектуальных конкурсаў кшталту «Што? Дзе? Калі?», каманднай «Сваёй гульні» і «Медыя мікса». Назіралі за маладымі ўдзельнікамі вопытныя члены журы, у складзе якога былі гульцы і рэдактары беларускага тэлевізійнага клуба «Што? Дзе? Калі?» і гульні «Брэйн-рынг».

У выніку сярод юніёраў першае месца заняла каманда «Постіронія лёсу» з Гомеля, на другім месцы — Mе Gustа (Віцебск) і замыкае тройку лідараў «Карл-Маркс-штадт» (Мінск). У ювеналаў месцы размясціліся наступным чынам: на першым — каманда з Лагойска «Вялікі прайгравальнік», на другім і трэцім — мінскія каманды «Бохан» і «Бананатэхналогіі» адпаведна.

Паводле слоў старшыні прафсаюзнага камітэта ППА студэнтаў БНТУ Анастасіі Барабанавай, падобныя мерапрыемствы дапамагаюць і бліжэй пазнаёміць дзяцей з універсітэтам. «Сярод удзельнікаў тут сабраліся навучэнцы школ, гімназій і ліцэяў. Гэта нашы патэнцыйныя абітурыенты. Мы знаёмім дзяцей з усёй краіны адзін з адным і з магчымасцямі БНТУ. Затым у сяброўскай абстаноўцы праводзім інтэлектуальныя гульні. Дарэчы «Кубак палітэха» сёлета стаў яшчэ і этапам Вялікага кубка Беларусі. Вынікі ўлічваюцца як адборачны этап у рэспубліканскім турніры сярод усіх школ краіны», — адзначыла Анастасія Барабанава.

Публікацыя на партале zviazda.by

kubok poiteha 2018 2

kubok poiteha 2018 3

kubok poiteha 2018 4

kubok poiteha 2018 5