Кожную восень педагагічныя работнікі Браслаўшчыны збіраюцца на традыцыйную спартакіяду. Чарговыя спаборніцтвы былі прысвечаны 95-годдзю Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, а таксама Году культуры. 

Настаўнікі і выхавальнікі ўстаноў адукацыі Браслаўскага  раёна падзяліліся на 3 каманды (адпаведна школьным зонам), абралі ў кожнай трэнера і на цэлы дзень прысвяцілі сябе спорту.

Віталі ўдзельнікаў спартакіяды начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іван Абаровіч і старшыня райкама Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана Сімановіч. Яны пажадалі поспеху падчас спаборніцтваў і падзякавалі педработнікам за тое, што тыя знайшлі час у напружаным графіку для заняткаў спортам і сваім актыўным ладам жыцця падаюць прыклад для падрастаючага пакалення.

Кожны раз арганізатары спартакіяды імкнуцца разнастаіць яе праграму, каб удзельнікам было больш цікава імкнуцца да спартыўных вышынь. На гэты раз да традыцыйнага шматбор’я дадалі дартс, эстафету і валейбол. Нягледзячы на тое, што каманды з’яўляліся паміж сабой сапернікамі, на спартыўнай пляцоўцы панавала атмасфера добразычлівасці і сяброўства.

Шмат эмоцый у педагогаў выклікала эстафета. Яе ініцыятар Войцех Гедройц падрыхтаваў неардынарныя і часам каверзныя конкурсы. Удзельнікам давялося віртуозна валодаць клюшкай і мячом, дэманстраваць спрыт і трапнасць, хутка бегаць і пераадольваць розныя перашкоды. Не менш цікава было сачыць за развіццём падзей падчас валейбольных матчаў.

Нарэшце — фінальнае пастраенне і ўзнагароджванне. Так, у дартсе першымі сталі Сяргей Пушкароў (Дрысвяцкая школа) і Ганна Дарожка (СШ № 2) , у шматбор’і — Валерый Угарэнка (ЦДіМ) і Сняжана Цыўнель (РФСК “Дрывяціч”), у валейболе і эстафеце перамагла каманда 2 школьнай зоны (трэнер Валянцін Пабяржын).

Агульны вынік спартакіяды стаў нечаканым. З аднолькавай колькасцю набраных балаў пераможцамі сталі каманды першай і другой школьных зон пад кіраўніцтвам Рыгора Станіслаўчыка і Валянціна Пабяржына.

Публікацыя на сайце http://www.braslav-star.by