Старшыня Глускага раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алена Ахрэмчык і старшыня савета ветэранаў работнікаў галіны адукацыі і прафсаюза Таццяна Мардусевіч у рамках раённай акцыі “Дзяцінства, апаленае вайною” наведалі ветэранаў педагагічнай працы Міхаіла Канстанцінавіча Гардзіенка і Васіля Мікалаевіча Арцёмчыка, чыё дзяцінства выпала на гады ваеннага ліхалецця.

У госці да Міхаіла Канстанцінавіча Гардзіенкі, заслужанага настаўніка БССР, былога дырэктара Гарадоцкай сярэдняй школы, мы трапілі амаль апоўдні. Сям’я Гардзіенка сустрэла нас з радасцю. Гаспадар — настаўнік геаграфіі, жонка — фізікі, разам ужо шмат гадоў (сяголета адзначаць 65-гадовы юбілей сумеснага жыцця). Дзеці і ўнукі працягваюць дынастыю педагогаў. Унук зараз працуе дырэктарам адной з гімназій Мінска, унучка — таксама ў сталіцы, намеснік дырэктара гімназіі.

Непрыкметна прайшлі гадзіны ў гутарцы з Міхаілам Канстанцінавічам і Надзеяй Іосіфаўнай. Хацелася б болей пабыць з гэтымі добразычлівымі і шчырымі людзьмі, але нам неабходна было наведаць яшчэ аднаго ветэрана педагагічнай працы.

Наступнай кропкай нашага прыпынку стала вёска Бабірова. Тут пражывае Васіль Мікалаевіч Арцёмчык, былы дырэктар Бабіроўскай сярэдняй школы і настаўнік гісторыі. У свой час скончыў дзесяць класаў сярэдняй школы, адразу трапіў у армію, служыў радыстам у Германіі ў Дрэздэне, пасля скончыў радыёвучылішча і вучылішча электратэхнікі, працаваў спачатку ў калгасе, пасля — у школе выхавацелем групы падоўжанага дня, завочна скончыў педагагічны інстытут, а праз год пасля паступлення стаў дырэктарам школы, кім і працаваў да выхаду на пенсію.

Шмат чаго цікавага мы пачулі ад Васіля Мікалаевіча — жарты, вершы, успаміны аб дзяцінстве, гісторыі з жыцця… Увогуле, з такімі людзьмі, хочацца гаварыць і гаварыць, слухаць, запамінаць і распытваць падрабязнасці.

Як паведаміла старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алена Ахрэмчык, наступная сустрэча з ветэранамі працы не за гарамі. Плануецца наведаць на даму яшчэ трох настаўнікаў, сведкаў Вялікай Айчыннай вайны. Завяршэннем акцыі “Дзяцінства, апаленае вайною” стане правядзенне святочнага вечара, куды будуць запрошаны ўсе ветэраны-педагогі, што нарадзіліся і раслі ў гады вайны.

2015 Veterany tryda Glusk 2

2015 Veterany tryda Glusk