Асноўныя напрамкі дзейнасці Лунінецкага раённага Савета ветэранаў педагагічнай працы – “Духоўнасць”, “Клопат”, “Адзінокая магіла”, “Свет захапленняў ветэрана” і “Бессмяротны подзвіг”, якому ўдзяляецца вялікая ўвага асабліва сёлета – у юбілейны год Перамогі.

Усё меньш застаецца ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Іх эстафету ў патрыятычным выхаванні моладзі прымаюць ветэраны педагагічнай працы, якія заклікаюць падтрымаць акцыю “Бессмяротны подзвіг” і актыўна ўключыцца ў конкурс сярод устаноў адукацыі раёна на лепшую арганізацыю работы па патрыятычнаму выхаванню школьнікаў у гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі.

З вялікай гатоўнасцю сустракаецца са школьнікамі ў музеі Баявой славы яго стваральнік і былы дырэктар ЦДТ Альбіна Калешка. Рэгулярна праводзіцца цыкл сустрэч з навучэнцамі 4-8 класаў. Першая гутарка ў кожным класе пачынаецца з вывучэння гісторыі роднага краю: вядзецца гаворка аб гербе і сцягу, адметных мясцінах Лунінца. Да наступнай сустрэчы дзеці атрымліваюць заданне даведацца аб сваіх родных, праз лёс якіх прайшла вайна.

Плануецца аформіць у кожнай установе адукацыі фотагалерэю “Бяссмяротны гарнізон”, прысвечаную родным, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Перад 9 мая яна будзе выкарыставана для жалобнага шэсця да месцаў масавых пахаванняў ахвяр фашызму. Акрамя таго, у планах Савета ля Кургана Бессмяротнасці ва ўрочышчы Баханова адзначыць самых актыўных удзельнікаў акцыі: чытальнікаў, спевакоў, мастакоў. Безумоўна, 9 мая кропку ў акцыі не паставім. Тым больш, што наперадзе адметныя даты: пачатак Вялікай Айчыннай вайны, дзень вызвалення нашага краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, памінальныя дні масавых расстрэлаў землякоў. Творчая фантазія, жаданне, вопыт былых і сённяшніх педагогаў дазваляюць выкарыстоўваць шмат цікавых, эмацыянальных і эфектыўных формаў работы ў патрыятычным выхаванні дзяцей, каб яны яскрава разумелі, што будучыня нашай краіны – у іх руках.

Н.І.Казанкова, старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы, член абласнога Савета ветэранаў галіны