На сумесным пасяджэнні калегіі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і прэзідыума Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі было разгледжана выкананне пагаднення паміж структурамі за 2013—2016 гады і заключана новае пагадненне на наступныя тры гады — да 2019 года.

- Канструктыўнае ўзаемадзеянне органаў кіра вання адукацыяй і камітэтаў прафсаюза на месцах спрыяла выкананню даручэнняў кіраўніка дзяржавы і Урада Рэспублікі Беларусь па павышэнні якасці адукацыі і развіцці адукацыйнай сферы, умацаванні сацыяльна-эканамічнага становішча работнікаў і навучэнцаў, павышэнні ўзроўню выхаванасці дзяцей і навучэнцаў, — адзначыла ў сваім выступленні старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Вера Грышэчка. — У заключаных пагадненнях і калектыўных дагаворах улічаны пазіцыі генеральнага і галіновага пагадненняў, абласнога пагаднення паміж Гродзенскім выканаўчым камітэтам, абласным аб'яднаннем прафсаюзаў, саюзам наймальнікаў. Членамі абласнога прафсаюза сёння з'яўляецца звыш 68 тысяч чалавек. Пытанні заработнай платы і аховы працы, сацыяльна-эканамічная абарона іх правоў і законных інтарэсаў, работа з ветэранамі і моладдзю з'яўляюцца штодзённым клопатам галіновага прафсаюза.

Асаблівую ўвагу ў сваім выступленні Вера Віктараўна ўдзяліла пытанням заработнай платы і падкрэсліла, што ў якасці прыярытэтнай ставіцца задача давядзення ў 2016—2020 гадах узроўню сярэдняй заработнай платы педагагічных работнікаў устаноў адукацыі камунальнай формы ўласнасці да ўзроўню сярэдняй зарплаты ў рэгіёне, а прафесарска-выкладчыцкага складу — у 1,5 разу вышэй за ўзровень сярэдняй зарплаты ў рэспубліцы. Важным элементам павышэння заработнай платы становіцца кантрактная сістэма. Па тэрмінах заключэння кантрактаў сітуацыя ў апошнія гады амаль не мянялася, а па ўстанаўленні дадатковых заахвочвальных мер стымулявання адбыліся значныя паляпшэнні. У 2014 годзе павышэнне тарыфнай стаўкі прадугледжвалася ў 41,8 працэнта кантрактаў, а ў мінулым годзе гэтая лічба склала 94,6 працэнта ад усіх кантрактаў.

У сваім выступленні старшыня абласнога прафсаюза вылучыла пытанні, якія патрабуюць вырашэння: аплата камандзіровачных расходаў у межах раёна; аплата працы педагогаў, якія ў летні час працуюць у аздараўленчых лагерах з кругласутачным знаходжаннем; аплата працы настаўнікаў-сумяшчальнікаў у канікулярны час; афармленне і аплата працы выхавальнікаў дашкольных устаноў у перыяд замены асноўнага супрацоўніка.

Вялікую ўвагу ўдзяляе прафсаюз маладым настаўнікам, а штогод па размеркаванні ва ўстановы адукацыі Гродзенскай вобласці накіроўваецца больш за 750 маладых спецыялістаў. Пытанні іх замацавання і сацыяльнай падтрымкі знаходзяцца на пастаянным кантролі прафсаюзных камітэтаў і адцзелаў адукацыі, спорту і турызму райгарвыканкамаў. Падтрымка ўключае ў сябе перш за ўсё матэрыяльнае стымуляванне маладых спецыялістаў па калектыўных дагаворах (частковая аплата за арэнду жылля, праезд, дадатковыя выплаты ў першыя тры гады работы, выплаты на атрыманне вышэйшай адукацыі на завочнай форме навучання і іншыя). Аказваецца садзейнічанне ў атрыманні льготных крэдытаў на набыццё хатняй маёмасці, тавараў першай неабходнасці выпускнікам устаноў вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія прыступілі да работы не па месцы жыхарства бацькоў.

З'явіліся новыя сумесныя формы работы па павышэнні прэстыжу педагагічнай прафесіі, падтрымцы маладых спецыялістаў: метадычныя фэсты для маладых педагогаў, летняя школа. Захавана традыцыя ўшанавання педагагічных дынастый. У выніку рэалізацыі такіх мер назіраецца станоўчая тэндэнцыя замацавання маладых спецыялістаў: у 2013 годзе пасля двух гадоў абавязковай адпрацоўкі засталося працаваць 58,9%, а ў 2015 — ужо 70,6% маладых педагогаў, адзначыла В.В.Грышэчка.

Меры, накіраваныя на паляпшэнне жыллёвых умоў, дазволілі 782 работнікам сістэмы адукацыі вобласці за тры апошнія гады палепшыць сваё становішча ў плане жылля. Сумеснымі намаганнямі адцзелаў адукацыі, спорту і турызму і райкамаў прафсаюза аказана садзейнічанне ў будаўніцтве жылля для педагогаў Гродна, Лідскага, Слонімскага і Ваўкавыскага раёнаў.

Вера Віктараўна расказала і аб матэрыяльнай падтрымцы членаў прафесійнага саюза: па пісьмовых зваротах за тры гады аказана матэрыяльная дапамога ў памеры 258 млн рублёў. На дзіцячае аздараўленне выдзелена 611,7 млн рублёў, на падрыхтоўку да навучальнага года — 485,8 млн, на работу з ветэранамі і моладдзю — 1064,1 млн рублёў. Падчас каляднай акцыі "Прафсаюзы — дзецям" было пералічана звыш 228 млн рублёў.

Пагадненне на 2016—2019 гады, якое вызначае асноўныя кірункі рэгулявання сацыяльна-працоўных адносін і ўстанаўлівае агульныя прынцыпы правядзення ўзгодненай сацыяльна-эканамічнай палітыкі, падпісалі начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін і старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Вера Грышэчка. А.Г.Сонгін, выступаючы на пасяджэнні калегіі, адзначыў, што заключанае пагадненне накіравана на сацыяльную падтрымку педагогаў і супрацоўнікаў галіны, і гэтае добрае партнёрства дае станоўчыя вынікі, якія адчувае кожны член прафесійнага саюза.

На пасяджэнні калегіі былі падведзены вынікі абласнога галіновага агляду-конкурсу на лепшую пастаноўку работы па развіцці сацыяльнага партнёрства. Сярод лепшых – аддзел адукацыі, спорту і турызму Лідскага райвыканкама, сярэдняя школа № 3 Ашмян, яслі-сад № 6 Навагрудка, Парэцкая дзяржаўная санаторная школа-інтэрнат Гродзенскага раёна.  

Публікацыя ў "Настаўніцкай газете" ад  21 красавіка 2016 года

2016 Grodno Podpisanie Soglashenie s