У слаўнай гісторыі ўстановы адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы» 2015 год — асаблівы. Універсітэт, які прайшоў пакручасты шлях ад настаўніцкага і педагагічнага інстытута ХХ стагоддзя да класічнага ўніверсітэта ўзору трэцяга тысячагоддзя, святкуе свой 75-гадовы юбілей. Гісторыя станаўлення і развіцця адной з самых аўтарытэтных устаноў вышэйшай адукацыі прыйшлася на вызначальны для беларускай нацыі і дзяржаўнасці час. Шматлікія слаўныя і трагічныя старонкі гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя звязаны з імёнамі таленавітых выкладчыкаў і прагных да ведаў студэнтаў, выпускнікоў інстытута і ўніверсітэта.

За перыяд сваёй дзейнасці alma mater зрабіла сапраўднымі прафесіяналамі дзясяткі тысяч спецыялістаў, што працуюць на ніве самых розных галін эканомікі краіны і замежжа. Выпускнікі ўславілі імя ўстановы выбітнымі дасягненнямі ў адукацыі, навуцы, сталі яскравымі кіраўнікамі самых высокіх узроўняў.

На сёння ўніверсітэт стаў вядучым навукова-адукацыйным і культурна-асветніцкім цэнтрам рэгіёна. Плённыя пошукі прадстаўнікоў розных навуковых школ, трывалы і высокапрафесійны прафесарска-выкладчыцкі склад, скіраваны на новыя дасягненні калектыў работнікаў, сучасная матэрыяльна-тэхнічная база дазваляюць рыхтаваць спецыялістаў на ўзроўнях сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі першай і другой ступеняў, у аспірантуры і дактарантуры па шырокім пераліку спецыяльнасцяў, адпаведных статусу класічнага ўніверсітэта. Таму калектыў студэнтаў і навучэнцаў 15 факультэтаў, 4 каледжаў і інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў складаецца з больш чым 15 тысяч маладых людзей, якія жадаюць атрымаць адпаведную сучасным патрабаванням адукацыю ў аўтарытэтнай установе адукацыі.

Якасць атрыманай у ГрДУ імя Янкі Купалы адукацыі, а таксама ўсіх адукацыйных паслуг дазволіла стаць прафесіяналамі сваёй справы прадстаўнікам самых розных краін. Традыцыйна ў якасці сваёй alma mater універсітэт абіраюць грамадзяне 22 краін свету. Пералік гэтых краін увесь час пашыраецца.

Калектыў універсітэта мацуе міжнародныя навуковыя сувязі са шматлікімі ўніверсітэтамі свету. Грунтам супрацоўніцтва з’яўляецца высокі навуковы патэнцыял, няспынная прага адкрыццяў, грунтоўныя манаграфіі і іншыя навуковыя працы выкладчыкаў. На карысць установы, сістэмы адукацыі Беларусі, айчыннай навукі рэалізуюцца разнастайныя міжнародныя праекты.

Універсітэт вызначаецца сталымі акадэмічнымі традыцыямі, сярод якіх прыязныя адносіны ў калектыве выкладчыкаў і студэнтаў, трывалае і плённае сацыяльнае партнёрства паміж кіраўніцтвам універсітэта і прафсаюзнымі арганізацыямі галіновага прафсаюза, грунтоўная сістэма калектыўна-дагаварных адносін, сацыяльнай падтрымкі работнікаў і студэнтаў, павага да старэйшага пакалення, спрыянне моладзі, стварэнне ўтульнай творчай атмасферы для самарэалізацыі і ажыццяўлення ўсіх задум шматтысячнага калектыву.

Няхай удача, здароўе, натхненне, жаданне адкрываць і ствараць спрыяюць універсітэту, яго работнікам, студэнтам, выпускнікам, а новыя вышыні ў міжнародных рэйтынгах, запатрабаванасць сярод абітурыентаў і далейшы росквіт alma mater мацуюць дух усіх, хто меў шчасце ў ёй вучыцца і працаваць.

Па даручэнні прэзідыума,
Старшыня Цэнтральнага камітэта
Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі            А.А.Бойка