Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, ГА "Беларускі саюз жанчын", ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі" і рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова "Выдавецкі дом "Звязда" запусцілі рэспубліканскую акцыю "Сямейнае чытанне". У рамках акцыі вядомыя пісьменнікі Беларусі правядуць прэзентацыі сваіх кніг, аўтограф-сесіі, прымуць удзел у кніжных кірмашах, фестывалях сямейнага чытання, кніжных марафонах. Пляцоўкай праекта стануць бібліятэкі, школы, кніжныя крамы краіны.

Асноўная мэта акцыі - зрабіць чытанне модным. Высокаадукаванае, культурнае грамадства - гэта тое грамадства, якое чытае. Праз друкаванае слова ў чалавека фарміруюцца каштоўнасці, якія робяць яго асобай. Калі бацькі разам з дзецьмі бавяць час з кнігай у руках, сумеснае чытанне становіцца той добрай традыцыяй, якая здольна аб'яднаць сям'ю. Нішто не можа выхаваць лепш, чым уласны прыклад бацькоў і кніга, таму асноўны акцэнт у праекце робіцца менавіта на сямейным чытанні.

Запрашаем арганізацыі далучыцца да акцыі і стаць актыўнымі яе ўдзельнікамі. Калі  плануюцца мерапрыемствы  з удзелам  вялікай аўдыторыі, сямейныя акцыі, мерапрыемствы для дзяцей, іншыя культурныя падзеі, пісьменнікі Беларусі з гатоўнасцю прымуць удзел у іх.