Успаміны настаўніцы Дублінскай школы Пішчук Рамуальды Іванаўны.

Дзень першы.

Раніца 26 красавіка 1986 года была сонечнай, цёплай, шматабяцальнай. Для маіх землякоў з невялікай вёсачкі Дублін, што ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці, гэта была звычайная раніца вясковага працаўніка. Нехта спяшаўся на працу ў калгас, дзеці ішлі ў школу, старыя аб нечым гутарылі каля калодзежа.

Я і мае сяброўкі адпраўляліся на пасадку бульбы да маёй суседкі Філіпенкі Фаіны Радыёнаўны.

Сонца прыпякала ўсё больш і больш. У гадзін 12 стала вельмі горача. Дзеці распранулі кашулі і вырашылі пазагараць пад першымі промнямі такога лагоднага веснавога сонейка. Над намі праз нейкі час пачалі летаць верталёты. Яны ляцелі ў напрамку Украіны, потым назад. Мабыць, нешта перавозілі.

Толькі праз некаторы час я даведалася, што на верталётах перавозіўся пясок, які скідвалі на блок рэактара Чарнобыльскай станцыі, каб затушыць вогнішча.

Вечарам таго ж дня жыхары г.Прыпяці, якія працавалі нейкі час у нашым калгасе на будаўніцтве, расказалі, што ім дазваніліся родныя і сказалі, што ўзарваўся рэактар на Чарнобыльскай АЭС.

Пажар палыхаў усю ноч. Загінулі пажарныя. Асаблівага страху ў вёсцы гэта навіна не выклікала. Мы яшчэ не разумелі, не маглі прадбычыць, што гэта такое, што гэтае здарэнне ў хуткім часе стане такой страшнай трагедыяй.

А потым, пад вечар, 26 красавіка 1986 года,усе паспачувалі бедным чарнобыльцам, павойкалі адзін аднаму і разышліся адпачываць.

Дзень другі.

Добра памятаю дзень 5 мая 1986 года.

Прачнуліся ў другой гадзіне ночы ад незразумелага шуму, гоману, свету фар. Павыходзілі на вуліцу, заспаныя, узрушаныя. Там ужо стаялі людзі і аб нечым упаўголаса размаўлялі. Машыны рухаліся з уключаным святлом. У вёсцы было многа ваенных, гучалі іх каманды. З натоўпу нехта крыкнуў, што старшыня калгаса Віктар Якаўлевіч Шэін збірае ўсіх галоўных спецыялістаў у мясцовую кантору.

Раніцай у вёсцы было шматлюдна. На тэрыторыі мясцовай школы за ноч размясціўся Растоўскі матэрызаваны полк. Яны ў далейшым дапамагалі праводзіць дэзактывацыю тэрыторыі вёсак раёна.

Менавіта тады, асабіста для мяне была вялікая бяда, страх, невядомасць. Ваенныя навучылі нас першым простым прыёмам дэзактывацыі жылля, расказалі, як правільна гатаваць ежу, растлумачылі значэнне штодзённай вільготнай ўборкі памяшкання.

Дзень трэці.

Сэрцы людзей напоўніліся страхам, болем. Нечакана, неспадзявана пачаўся дзень 7 мая 1986 года.

У 7 гадзін раніцы жыхарам аб’явілі, што жанчын і дзяцей будуць вывозіць з вескі ў іншыя мясціны далей ад атруты. Прыйшлі аўтобусы, сабраўся натоўп. Хто ад’язджаў, хто праводзіў. Жанчыны плакалі, палохала невядомасць. Мужчыны спрабавалі жартаваць, але атрымліваліся няўмела. Дзеці не разумелі, што адбываецца, але, бачачы заплаканых жанчын, паводзілі сябе спакойна, стрымана. Аўтобусы крануліся.

“Божа ж мой! Што ж будзе далей?” – загаласіла баба Анюта, якая праводзіла дачку з трыма ўнукамі. Натоўп паволі разышоўся. Вёска асірацела. Ціха-ціха было і ўдзень, і пад вечар. Незвычайна пуста, маўкліва.