З часам многае забываецца, а вось хвалюючыя трагічныя падзеі пасля аварыі на ЧАЭС усплываюць у памяці з асаблівай вастрынёй.

У той час я працавала інспектарам аддзела адукацыі Хойніцкага райвыканкама. Менавіта на яго спецыялістаў былі ўскладзены задачы па арганізацыі вывазу дзяцей у экалагічна чыстыя месцы Беларусі. Потым тэрмінова вывозілі школьныя дакументы, а таксама ўсё каштоўнае са школ, якія знаходзіліся на тэрыторыі выселеных вёсак. Затым была не адна камандзіроўка ў месцы адпачынку дзяцей з мэтай азнаямлення з арганізацыяй іх быту. Рабілася ўсё магчымае, каб зберагчы рабят ад розных складанасцей.

У 1997 годзе старшынёй райвыканкама быў назначаны Мікалай Іванавіч Садчанка. Менавіта ён стаў адным з ініцыятараў стварэння музея ў памяць аб выселеных вёсках, іх жыхарах, ліквідатарах наступстваў аварыі на ЧАЭС. У 2004 годзе я была назначана дырэктарам ствараемага музея «Трагедыя Чарнобыля». Напачатку матэрыялы для яго экспазіцый назапашваліся ў райвыканкаме, там быў выдзелены адзін пакой, потым – два. З вялікім энтузіязмам хайнічане аднесліся да ўдзелу ў аб’яўленым конкурсе «Мой падарунак музею». Значны ўклад у папаўненне фондаў музея зрабіў тагачасны кіраўнік Хойніцкага раёна М.І. Садчанка.

З часам у музей былі назначаны два супрацоўнікі Л.В. Смольская і С.П. Крупіцкая, яны працавалі над вывучэннем гісторыі выселеных вёсак, афармлялі выставачныя экспазіцыі.

Пазней музей перавялі ў Дом рамёстваў у Хойніках, затым у былую Дварышчанскую школу. І гэта не было яго канчатковым прыстанкам. Згодна з рашэннем райвыканкама ад 22.10.2006 музей «Трагедыя Чарнобыля» пераехаў у сельскі населены пункт Судкова. За некалькі месяцаў у прадастаўленым будынку быў зроблены капітальны рамонт. Мастацкія работы выконваў жыхар Судкова Алег Базулька. Альтанка, агароджа, цэментаваная дарожка і іншыя работы па добраўпарадкаванню – справа рук хайнічаніна Васілія Паўлоўскага. Пастаянным навуковым супрацоўнікам музея была прынята на працу А.П. Паўлючэнка. Былі аформлены 5 выставачных залаў, самая вялікая з іх насіла назву «Чарнобыль – вечная памяць і трагедыя Беларусі». Колькі ўсяго давялося перамыць, начысціць нашай прыбіральшчыцы Е.С. Еўстрацьевай. Усім работнікам нашай установы, усім, хто нам дапамагаў, я ўдзячна за старанні.

16 мая 2007 года музей, размешчаны на новым месцы, прыняў першых наведвальнікаў. Тут праводзіліся не толькі экскурсіі, але розныя іншыя мерапрыемствы – вусныя часопісы, конкурсы, сустрэчы з перасяленцамі, ліквідатарамі… Актыўна вялася пошукавая работа па збору інфармацыі аб жыхарах адселеных вёсак, аб людзях, якія былі ўзнагароджаны за ліквідацыю наступстваў катастрофы, наладжвалася супрацоўніцтва з дэлегацыямі з Расіі, Украіны, Францыі, Германіі, Італіі, Ірландыі.

За чатыры гады быў назапашаны каштоўны матэрыял – дакументы, фотаматэрыялы, карціны, асабістыя рэчы ліквідатараў, статыстычныя даныя і іншае – усяго амаль 2800 экспанатаў. Музей наведалі тысячы чалавек.

Па выніках работы музей быў занесены на раённую Дошку гонару. Хачу прывесці словы вядучага навуковага супрацоўніка РНІУП «Інстытут радыялогіі» М.І. Аўтушкі: «…В „Памяти Чернобыля“ есть всё: и тревожная неизвестность первых послеаварийных дней, и драматические сюжеты эвакуации детей, а затем и всего населения из деревень южной части Хойникского района. Героизм пожарных на горящей АЭС, хотя они героями себя вовсе не считали, просто делали свою работу. Работа ликвидаторов по захоронению отселённых деревень, служб гражданской обороны, МВД. Трудовые будни людей, продолжающих жить и работать на территориях, загрязнённых радиоактивными веществами. Замечательный музей – память…»

Працаваў музей у Судкове да 2012 года, пасля чаго яго экспазіцыі былі перавезены ў Хойнікі – у раённы краязнаўчы музей, адкрыты да Дня беларускай пісьменнасці ў парку.

В.А.ГАЦКО, дырэктар музея «Памяць Чарнобыля» ў 2004—2012 гг.