Размешчанае на правым беразе Нёмана, які ў тым месцы якраз размяжоўвае Стўбцоўшчыну ад Уздзеншыны, урочышча Прыстанька слаўнае адной знакавай падзеяй. 9 ліпеня 1906 года маладыя настаўнікі, сярод якіх быў і будучы народны паэт Беларусі Якуб Колас, правялі тут свой нелегальны з’езд. З-за даўнасці часу вакол гэтай сходкі існуе шмат супярэчнасцей і няпэўнасці, якія нават навукоўцам не даюць у драбніцах узнавіць дакладны ход тагачасных падзей. Але асноўны іх сэнс нам вядомы са школьнай праграмы — настаўнікі-«змоўшчыкі» заклікалі калег да адстойвання сваіх прафесійных і сацыяльных правоў.

У прыватнасці, такім жа спякотным ліпеньскім днём у Мікалаеўшчыне, у мясцовай школцы, дзе «гаспадарыў» ураджэнец гэтай вёскі Алесь Сянкевіч, над час канікулаў сабралася некалькі дзесяткаў маладых настаўнікаў з самых розных куткоў Мінскай губерні. У асноўным яны між сабой былі добра знаёмыя па гадах сумеснай вучобы і па зямляцкіх стасунках. Было сярод іх нямала і ўраджэнцаў Мікалаеўшчыны, якія адпускавалі ў роднай вёсцы. Паводле пазнейшых успамінаў удзельнікаў нелегальнага з’езда, ехалі яны «ў госці да Сянкевіча» ўсвядомлена, каб, сабраўшыся разам, абмеркаваць надзённыя праблемы сваёй настаўніцкай дзейнасці.

Як водзіцца, з нагоды сустрэчы ў мікалаеўшчынскай школцы настаўнікі накрылі стол, прыгубілі па чарцы і перакусілі з дарогі. І загаварылі далей пра палітыку, пра не так даўно створаны Усерасійскі саюз настаўнікаў, пра цяжкую працу бацькоў-сялян… І, як вынік гэтай бяседы, з’явілася адозва «Да ўсіх настаўнікаў і настаўніц народных, царкоўна-прыходскіх і іншых вучылішчаў». Пасля гэтага, відаць, усё ж змораныя спёкай, «змоўшчыкі» якраз і накіраваліся ў Прыстаньку — глухое ўрочышча за чатыры кіламетры ад Мікалаеўшчыны. Аднак прахалода нёманскай вады іх там не астудзіла — палітыка па-ранейшаму не сыходзіла з вуснаў маладых людзей. Увечары ж, вярнуўшыся ў Мікалаеўшчыну, яны запратакаліравалі свае развагі наконт паляпшэння сацыяльнага статусу настаўніцтва, і практычна адразу ж былі «накрыты» паліцыяй.

Затым не адзін год вялося следства, і многім удзельнікам настаўніцкага з’езду не ўдалося пазбегнуць турэмнага зняволення. У тым ліку — і Якубу Коласу, які, як не парадаксальна гэта гучыць, якраз за турэмнымі кратамі распачаў «Новую зямлю», напісаў шмат сваіх геніяльных вершаў. А галоўны завадатар настаўніцкай сходкі Алесь Сянкевіч, які ад арышту ўцёк за мяжу, атрымаўшы ў ЗША добрую медыцынскую адукацыю, у 20-я гады ўзначальваў міністэрства аховы здароўя Савецкай Беларусі. Яшчэ адзін з удзельнікаў з’езду Іван Фёдараў праз гады стаў вядомым беларускім пісьменнікам, які падпісваў свае творы псеўданімам Янка Маўр.

Сёння можна па-рознаму ставіцца да гэтага мерапрыемства. Але несумненна адно, нелегальны настаўніцкі з’езд — часцінка нашай гісторыі. І зусім заканамерна, што яшчэ ў 1993 годзе аддзел культуры Стаўбцоўскага райвыканкама парупіўся ўстанавіць на нёманскім крутаберазе ў Прыстаньцы мемарыяльны знак, які зараз нам і нагадвае пра тыя падзеі.