Настаўніка гісторыі і нямецкай мовы Муравільскага ВПК Касцюковіцкага раёна Мікалая Асмалоўскага з дзяцінства акружалі педагогі. У яго сям’і прафесія настаўніка перадаецца з пакалення ў пакаленне. Прабабуля, бабулі і дзядулі, цёткі, дзядзькі, маці, бацька, брат — педагогі рознага профілю. Агульны сямейны педагагічны стаж дынастыі — больш за 200 працоўных гадоў.

— Пытання, з якой прафесіяй звязаць свой жыццёвы шлях, у мяне нават не ўзнікала. Неяк само сабой разумелася, што і я ў свой час стану настаўнікам. Ды і як інакш? Перада мной пастаянна быў наглядны прыклад паспяховай педагагічнай дзейнасці, — кажа Мікалай Паўлавіч. Дарэчы, настаўніцкая дынастыя Асмалоўскіх пачалася з яго прабабулі Аляксандры Піліпаўны Саковіч.

— Прабабуля настаўнічала больш за сорак гадоў, вяла ўрокі, нават стаўшы дырэктарам Ліпаўскай пачатковай школы. Яшчэ яна была дэпутатам, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны таемна займалася з дзецьмі ў сябе дома, трымала сувязь з партызанамі. За працоўныя заслугі прабабуля ўдастоена звання заслужанага настаўніка школы БССР, — расказвае гісторыю сямейнай прафесіі Мікалай Асмалоўскі.

Заслужаным настаўнікам БССР з’яўляецца і бабуля Мікалая Паўлавіча Вольга Пятроўна Курацёва.

— Шматлікімі дзяржаўнымі ўзнагародамі за добрасумленную працу адзначаны таксама бабуля Ефрасіння Рыгораўна Пячкоўская, дзядулі — Кузьма Аляксандравіч Пячкоўскі і Пётр Пятровіч Асмалоўскі. Плённа працавалі на педагагічнай ніве і маці Галіна Кузьмінічна, у якой больш за трыццаць гадоў стажу ў школе, і бацька Павел Пятровіч, які з’яўляецца не толькі выдатным настаўнікам-фізікам, але і аўтарам “Зборніка самастойных і кантрольных работ па фізіцы”, метадычных дапаможнікаў “Фізіка-7”, “Фізіка-8”, “Фізіка-9”, “Фізіка-10”, сшыткаў для лабараторных работ у 7—8 класах, аўтарам зборнікаў рознаўзроўневых і тэставых заданняў па фізіцы ў 7—11 класах, — адзначае Мікалай Паўлавіч.

zmnnn640

Маючы выдатны прыклад для пераймання, пасля заканчэння школы Мікалай Асмалоўскі, як і яго старэйшы брат Аляксандр, вырашыў не здраджваць сямейнай прафесійнай традыцыі. Адукацыю Мікалай Паўлавіч працягнуў на гістарычным факультэце МДУ імя А.А.Куляшова. Атрымаўшы настаўніцкі дыплом, адправіўся на малую радзіму, у Касцюковіцкі раён. Маладым спецыялістам працаваў у Баронькаўскай сярэдняй школе, а пасля перайшоў на пасаду настаўніка гісторыі і нямецкай мовы ў Муравільскі яслі-сад — сярэднюю школу.

Настаўнічае Мікалай Асмалоўскі вось ужо восем гадоў. У сваёй педагагічнай дзейнасці імкнецца няспынна развівацца і шукаць усё новыя магчымасці для паляпшэння якасці навучання.

На яго думку, сучасная школа павінна ўлічваць інтарэсы не сярэднестатыстычнага вучня, а кожнага асобнага дзіцяці. А сучасны настаўнік павінен разумець, што ў кожнага навучэнца — індывідуальны тэмп развіцця.

— Ствараючы ўмовы для роўнага развіцця і індывідуальнай паспяховасці кожнага вучня, мы выхоўваем чалавека, а не проста даём пэўны набор ведаў. Выхаваць асобу можна толькі дзейнасцю. На ўроку неабходна ствараць такія ўмовы, ужываць такія тэхналогіі, якія дазваляюць уключыць у работу ўсіх дзяцей. І хай прадукцыйнасць гэтай работы будзе рознай, галоўнае — дзеці дзейнічаюць, а значыць, фарміруюць уменні, — лічыць Мікалай Паўлавіч.

Зацікавіць дзяцей гісторыяй і нямецкай мовай, на яго погляд, не праблема: прадметы цікавыя. Складаней зрабіць так, каб вучням стала цікава працаваць — шукаць, чытаць, параўноўваць, ствараць нешта новае.

— Свае ўрокі імкнуся будаваць з улікам асаблівасцей класа і матэрыялу, які выкладаецца. Гэта не толькі ўзрост і псіхаэмацыянальны стан дзяцей, але і іх схільнасці. Напрыклад, калі я ведаю, што ў класе ёсць дзеці з матэматычным складам розуму, імкнуся даваць больш гістарычных задач, а для вучняў з развітой фантазіяй акцэнт раблю на творчых заданнях. Пры групавой і парнай рабоце стараюся задзейнічаць дзяцей з рознымі інтарэсамі, — тлумачыць Мікалай Асмалоўскі.

На занятках педагог імкнецца інтэграваць тэхнічныя сродкі навучання, а таксама актыўна выкарыстоўвае элементы тэхналогіі крытычнага мыслення. Па словах Мікалая Паўлавіча, хоць спачатку гэта “з’ядае” час, паступова прымяненне такой тэхналогіі дае выдатны вынік у паспяховасці вучняў.

Падобныя інавацыйныя падыходы прыносяць плён. Акрамя добрай паспяховасці па прадметах, вучні Мікалая Асмалоўскага ўдзельнічаюць у розных інтэлектуальных конкурсах. Яны станавіліся прызёрамі абласнога этапу конкурсу “ТэхнаІнтэлект”, Рэспубліканскага конкурсу “Патрыёт.BY”, раённага конкурсу навукова-даследчых работ і інш. Педагог упэўнены: галоўныя поспехі яго вучняў яшчэ наперадзе. Ды і не гэта Мікалай Асмалоўскі лічыць самым важным у сваёй працы.

— Калі толькі прыйшоў у школу, думаў, што мая задача — даць вучням пэўную суму ведаў. Час паказаў, што я памыляўся. Цяпер бачу, што веды, безумоўна, важныя, але яшчэ больш важная — іх сістэма. Але самае галоўнае нават не гэта: выхаваць чалавека — вось мая мэта сёння, — падкрэслівае Мікалай Паўлавіч.

Выхоўваць сапраўдных патрыётаў, якія любяць, ведаюць гісторыю, культуру, мову і традыцыі сваёй краіны — да гэтага імкнуліся ўсе прадстаўнікі сямейнай дынастыі Мікалая Асмалоўскага. Да гэтага цяпер імкнецца і ён сам.

Настаўніцкая газета.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Мікалая АСМАЛОЎСКАГА