У Міжнародны дзень абароны дзяцей выхаванцы Дзяржынскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра былі ўзрушаныя і па-святочнаму прыгожа апранутыя, бо ведалі, што ў гэты дзень да іх прыдуць госці, якія зробяць яго асаблівым. Так і здарылася: павіншаваць рабят прыехалі прадстаўнікі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

Штогод усе арганізацыйныя структуры Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі прымаюць актыўны ўдзел у дабрачыннай акцыі “Прафсаюзы- дзецям”. Члены прафсаюза наведваюць падшэфныя сацыяльна-педагагічныя цэнтры, дзіцячыя дамы, школы-інтэрнаты, ЦКРНіР, аказваюць дапамогу, арганізоўваюць і праводзяць мерапрыемствы для дзяцей з мнагадзетных, малазабяспечаных сям'яў  і тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

 Дзяржынскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр пачаў працаваць у вёсцы Станькава 10 гадоў таму назад. І столькі ж гадоў налічвае гісторыя супрацоўніцтва з Цэнтральным камітэтам галіновага прафсаюза, які ўзяў над установай шэфства. Сваім падшэфным толькі за апошні час падарылі канькі, сухі басейн з шарамі, люстраны шар і крэсла-грушу для пакоя псіхалагічнай разгрузкі, камп'ютар, абагравальнікі. Выхаванцам СПЦ штогод дапамагаюць падрыхтавацца да новага навучальнага года – дораць ранцы, школьнае адзенне і прылады. Не стаў выключэннем і дзень абароны дзяцей:  у СПЦ завіталі супрацоўнікі  ЦК Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, а таксама Аляксандр Мікалаевіч Ляўко, які ўзначальвае Дзяржынскую раённую прафсаюзную арганізацыю.

- Сёння мы ўжо лічым ЦК прафсаюза не проста шэфамі, а сапраўднымі сябрамі. Хочацца адзначыць, што клапоцяцца яны пра нас не толькі перад святамі, кожны наш зварот па дапамогу знаходзіць водгук. Адчуваецца, што робяць гэта ад душы, а не дзеля птушачкі, нават падарункі для дзяцей стараюцца падбіраць з улікам узросту і іх дзіцячых жаданняў і мар, - расказвае дырэктар Дзяржынскага раённага СПЦ Вацлаў Аляксандравіч Макарэвіч.

Летнім святам стаў гэты дзень для дзяцей і дарослых. Для шасці дзетак, якія зараз выхоўваюцца ў СПЦ, была падрыхтавана забаўляльная праграма. Яны чыталі вершы, адгадвалі загадкі, спявалі песні, танцавалі, малявалі і спаборнічалі ў эстафеце. Не адставалі і дарослыя госці, а па завяршэнні свята ўручылі рабятам падарункі. Кожнае дзіця атрымала ранец з гасцінцамі і цацкамі, а ўстанове падарылі новы веласіпед. Паспрабаваць пракаціцца на ім адразу ж пажадалі ўсе хлопчыкі і дзяўчынкі.

- Сёння надзвычай сонечнае надвор’е, і так радасна, што і ўсмешкі ў дзетак сонечныя. Жыццёвая сітуацыя ў іх няпростая, і нам хочацца хоць крыху палепшыць іх настрой, падарыць хоць кроплю радасці, агарнуць увагай і цяплом, якіх не дадалі ім бацькі, - дзеліцца ўражаннямі Валянціна Аляксееўна Ільіна, намеснік старшыні ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. - Гэта важна, таму кожная структурная адзінка прафсаюза   з задавальненнем далучаецца да мерапрыемстваў у рамках акцыі “Прафсаюзы - дзецям”.

Лейтматывам усяго мерапрыемства сталі прыгоды парсючка Фунціка і па завяршэнні свята для дзяцей  прагучала песенька з мультфільма пра тое, што ўсяго патрэбней і даражэй у гэтым свеце дабрыня. Здаецца, што дабрыні ў гэты дзень стала ў свеце крыху болей.  

Публікацыя ў "Настаўніцкай газете" №62 ад 4 чэрвеня 2016 года

June 1 Prazdnik