Новы тэхнапарк «АкадэмТэхнаград» плануецца стварыць у Нацыянальнай акадэміі навук. Пра гэта на прэс-канферэнцыі з нагоды святкавання Дня беларускай навукі расказаў старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір ГУСАКОЎ.

«Калі «БелБіяград» аб'ядноўвае такія кірункі, як біятэхналогіі, медыцынскія тэхналогіі і нанатэхналогіі, то «АкадэмТэхнаград» аб'яднае ўсе кірункі тэхнічнага і інжынернага профілю і будзе займацца ўкараненнем у вытворчасць найноўшых распрацовак па інжынерных навуках», — растлумачыў ён.

Акрамя таго, Акадэмія навук плануе сфарміраваць топ-100 найлепшых распрацовак Года навукі для розных галін эканомікі.

— У нас склалася традыцыя пры падвядзенні вынікаў года вызначаць топ-10 найбольш значных навуковых дасягненняў. На днях мы ўжо апублікавалі топ-10 распрацовак за 2017 год, а цяпер фарміруем топ-100 па выніках мінулага года для розных галін эканомікі, — паведаміў Уладзімір Гусакоў. — У топ-10 увайшлі распрацоўка малагабарытнага мабільнага суперкамп'ютара для апрацоўкі вялікіх масіваў даных, устанаўленне малекулярнага механізма падаўлення імунітэту чалавека мікабактэрыямі туберкулёзу з мэтай стварэння процітуберкулёзных прэпаратаў новага пакалення, выяўленне новага ўніверсальнага індыкатара антыаксідантнага патэнцыялу для дыягностыкі ўстойлівасці чалавека да акісляльнага стрэсу, метадалогія канвертавання электроннага арфаграфічнага запісу беларускіх слоў у фанетычнай транскрыпцыі і стварэнне першага поўнага беларускага лінгвістычнага даведніка, адкрыццё на Палессі ўнікальных для сусветнай гістарычнай навукі славянскіх паселішчаў і г. д.

Напрыканцы мінулага года быў падпісаны Указ Прэзідэнта «Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных навуковых арганізацый». На думку кіраўніка Акадэміі навук, гэты доўгачаканы дакумент абавязкова паспрыяе абуджэнню навуковай ініцыятывы.

— Калі інстытут зарабляе сродкі, у тым ліку за кошт продажу сваёй прадукцыі, ён зможа заахвочваць найлепшых работнікаў, якія паказалі найбольш высокія вынікі. Заробкі такіх спецыялістаў могуць узрасці ў два-тры разы, — падкрэсліў ён. — Указ пашырае правы кіраўнікоў бюджэтных навуковых арганізацый у рэгуляванні ўзроўню аплаты працы работнікаў у залежнасці ад задач, якія яны вырашаюць. У прыватнасці, было знятае абмежаванне ў памеры 40 % фонду зарплаты і эканоміі сродкаў, прадугледжаных на аплату працы, пры накіраванні іх на прэміраванне і ўстанаўленне стымуляцыйных выплат работнікам за кошт бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў. Мы павінны разнявольваць навуковую працу і даваць вучоным магчымасць зарабляць.

Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр ШУМІЛІН паведаміў, што ў 2017 годзе значна актывізавалася рэалізацыя праектаў Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Беларусі. У выніку па дзяржпраграме толькі за мінулы год было створана каля 2 тысяч высокапрадукцыйных працоўных месцаў і 20 інавацыйных вытворчасцяў. Напрыклад, сфарміраваны інавацыйна-прамысловы кластар высокіх тэхналогій у галіне складанай медыцынскай тэхнікі, сістэм забеспячэння бяспекі, аналітычнага прыборабудавання. Акрамя таго, наладжана вытворчасць кампазіцыйных матэрыялаў на базе айчынных тэрмапластаў для экструзійнага 3D-друку, а таксама вытворчасць цвёрдых лекавых формаў і лекавых сродкаў, якія змяшчаюць бэта-лактамныя антыбіётыкі, на прадпрыемстве «Фармтэхналогія». Да самых значных падзей варта аднесці вытворчасць па зборцы легкавых аўтамабіляў на прадпрыемства «БелДжы». «Забягаючы наперад, магу сказаць, што мы ўжо прапрацоўваем пытанні вытворчасці электратранспарту, электрамабіляў, у тым ліку на «БелДжы». Гэтыя распрацоўкі вядуцца як у Нацыянальнай акадэміі навук, так і непасрэдна з кітайскімі кампаніямі», — расказаў Аляксандр Шумілін.

Сярод значных праектаў 2017 года старшыня ДКНТ згадаў біятэхналагічны комплекс па мікракланальным размнажэнні раслін у Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі, новы дражджавы завод у Слуцку. На праектныя магутнасці выйшлі летась дзесяць інавацыйных вытворчасцяў.

— Як прамысловасць не можа існаваць без навукі, так і навука не можа развівацца без прамысловасці, — упэўнены намеснік міністра прамысловасці Сяргей ГУНЬКО. — На прадпрыемствах машынабудавання, сельгасмашынабудавання, станкабудавання, оптыка- механічнай і электратэхнічнай прамысловасці, металургіі і аўтакампанентаў працуе шмат спецыялістаў з вучонымі ступенямі — 60 кандыдатаў і 19 дактароў навук, тры члены-карэспандэнты і адзін акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук. Лінейка прадукцыі, што тут вырабляецца, уключае дзясяткі тысяч найменняў: ад мікрасхем і клапанаў сэрца да самых вялікіх у свеце аўтамабіляў — кар'ерных самазвалаў «БелАЗ» грузападымальнасцю 450 тон.

На працягу дзесяці гадоў Міністэрствам прамысловасці фарміруецца «Міжгаліновы задачнік», які ўтрымлівае актуальныя пытанні тэхнічнага і тэхналагічнага характару. Сёння сфарміраваны шэраг актуальных задач, якія патрабуюць дапамогі з боку навукі.

Сяргей Гунько паведаміў, што летась удзельная вага інавацыйнай прадукцыі склала ў агульным аб'ёме адгружанай прадукцыі больш за 31 працэнт, а, напрыклад, на «БелАЗе» інавацыйная прадукцыя складае больш як 50 працэнтаў.

Эмілія Каламіец стала вучоным года НАН Беларусі - 2017

Публікацыя на партале zviazda.by