Старшыня прафкама супрацоўнікаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы  пра традыцыі сацыяльнага партнёрства. Калектыўны дагавор Гродзенскага ўніверсітэта стаў адным з пераможцаў Рэспубліканскага агляду-конкурсу за распрацоўку палажэння аб матэрыяльным стымуляванні работнікаў за эканомію энергарэсурсаў, за ахову працы і паляпшэнне жыллёвых умоў супрацоўнікаў.

14 лістапада 2014 года Ігара Кергета выбралі старшынёй прафкама супрацоўнікаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.  А дасціпныя студэнты з гэтай нагоды "запусцілі жарт": нашага Кергета "панізілі" — "спусцілі" з другого паверха на першы. Бо менавіта тут, на першым паверсе, размешчаны "дарослы" прафсаюз, а студэнцкі прафсаюз, які Ігар Леанідавіч узначальваў больш за дзевяць гадоў, якраз над ім — на другім паверсе.

Сваім прафсаюзнага дзеяча ў ГрДУ лічаць і выкладчыкі, і студэнты. Ігар Леанідавіч у прафсаюзным руху ўжо больш за дваццаць гадоў. Студэнтам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Кергет стаў у 1993 годзе. Скончыўшы сярэднюю школу № 2 Радуні з сярэбраным медалём, паступіў на матэматычны факультэт.

— У школе я быў вельмі актыўным, нават паспрабаваў сябе ў ролі дырэктара падчас дзён вучнёўскага самакіра вання, — успамінае Ігар Леанідавіч. — Стаўшы студэнтам, вырашыў, што ўвесь час буду аддаваць вучобе. Пратрымаўся так толькі першы курс, а на другім засумаваў па грамадскай рабоце. I зноў, як і ў школе, пачаў нешта арганізоўваць, аб'ядноўваць, удзельнічаць у агітбрыгадзе. Гэтыя арганізацыйныя здольнасці студэнта не засталіся без увагі — тагачасны старшыня студэнцкага прафкама Аляксандр Грынь уцягнуў Ігара ў работу.

Студэнцкі прафкам ўніверсітэта — арганізацыя шматлікая, уключае больш за 94 працэнты студэнтаў. Безумоўна, вялікую ўвагу ўдзяляюць тут і агульным пытанням, і знаходзяць свае асаблівыя кірункі дзейнасці. Так, была створана камісія па кантролі за якасцю харчавання студэнтаў. Вялікая работа праводзілася па аздараўленні моладзі. Пры адсутнасці ўласнай базы адпачынку выкарыстоўвалі магчымасці іншых арганізацый і прадпрыемстваў, а цеснае міжнароднае супрацоўніцтва з прафсаюзнымі арганізацыямі ўніверсітэтаў СНД дазволіла гродзенцам адпачываць у іншых краінах.

Такі актыўны стыль работы ўласцівы І.Л.Кергету і на пасадзе старшыні прафкама супрацоўнікаў. Як адзначае сам Ігар Леанідавіч, у рабоце вельмі дапамагае добры кантакт з кіраўніцтвам ўніверсітэта, грамадскімі арганізацыямі: БРСМ, "Белай Руссю", ветэранскай арганізацыяй і, безумоўна, са студэнцкім прафкамам. I тут цяжка падзяліць і адцзяліць работу дзвюх прафесійных супольнасцей. Л.I.Кергет уваходзіць у склад рэктарата і савета ўніверсітэта, з'яўляецца членам прэзідыума абкама Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, членам ЦК галіновага прафсаюза. У мінулым годзе на XXVIII з'ездзе Еўразійскай асацыяцыі прафсаюзных арганізацый універсітэтаў, членам якой з'яўляецца ГрДУ, выбраны яе віцэ-прэзідэнтам. За актыўную работу ў гэтым прадстаўніцтве Гродзенскаму ўніверсітэту ў 2013 годзе было дадзена права прыняць у сябе XXVI з'езд асацыяцыі.

Яшчэ адзін прыклад актыўнага ўплыву прафсаюзаў на жыццё калектыву — праграма сацыяльнай абароны работнікаў і навучэнцаў, якая рэалізоўваецца на працягу 2013— 2016 гадоў і з'яўляецца дадаткам да калектыўнага дагавора. Зараз вядзецца работа над новай праграмай.

— Першы ў гісторыі ўніверсітэта калектыўны дагавор быў заключены ў 1992 годзе, — расказвае I.Кергет. — А ў 1996 годзе дадаткам да яго стала першае пагадненне паміж ГрДУ і прафсаюзнай арганізацыяй студэнтаў. Традыцыі супрацоўніцтва падтрымліваюцца і сёння. Мы заўсёды адчуваем падтрымку кіраўніцтва ў сацыяльным партнёрстве. Гэтую традыцыю працягвае зараз рэктар Андрэй Дзмітрыевіч Кароль.

Калектыўны дагавор Гродзенскага ўніверсітэта стаў адным з пераможцаў Рэспубліканскага агляду-конкурсу, прысвечанага 90-годцзю галіновага прафсаюза, за распрацоўку палажэння аб матэрыяльным стымуляванні работнікаў за эканомію энергарэсурсаў, за ахову працы і паляпшэнне жыллёвых умоў супрацоўнікаў. Прадугледжаны ў калектыўным дагаворы і дадатковыя гарантыі па сацыяльнай падтрымцы работнікаў, якія маюць званне ці вучоную ступень, парадак аказання матэрыяльнай падтрымкі перспектыўным маладым вучоным і выкладчыкам, прадастаўленне дадатковага адпачынку супрацоўнікам, з якімі заключаны кантракты.

Прафкам ГрДУ і асабіста Ігар Кергет (і раней на пасадзе старшыні студэнцкага прафкама, і зараз) прымаюць актыўны ўдзел у распрацоўцы, абмеркаванні і выкананні галіновага пагаднення. Усе, з кім давялося паразмаўляць, адзначаюць адкрытасць і актыўнасць старшыні прафкама. Ён умее пераканаць і зацікавіць справай, умее пачуць чалавека.

— Пазнаёміўся я з Ігарам Леанідавічам падчас свайго студэнцтва, — расказвае начальнік аддзела арганізацыйнага забеспячэння ідэалагічнай і выхаваўчай работы ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю ГрДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Андрэй Гецэвіч. — Выпадкова мы былі пасажырамі аднаго цягніка. I за некалькі гадзін размовы з Кергетам я значна перагледзеў свае погляды на грамадскую работу. 3 таго часу стаў актыўна працаваць у студэнцкім прафкаме, выбіраўся старшынёй бюро гістарычнага факультэта. Мы і зараз працуем на адной ніве. I я бачу, што энтузіязму, актыўнасці ў яго не стала менш.

Трэба адзначыць яшчэ адзін кірунак дзейнасці Ігара Кергета — выкладчыцкі. Ён скончыў магістратуру па спецыяльнасці "Матэматычныя і інструментальныя метады ў эканоміцы". Выкладае будучым сацыёлагам прыкладную статыстыку, метадалогію і метады сацыялагічнага даследавання, камп'ютарныя тэхналогіі аналізу даных у сацыялогіі, статыстычны аналіз сацыялагічнай інфармацыі, а таксама ўдзельнічае ў сацыялагічных даследаваннях. Кергет з'яўляецца рэгіянальным прадстаўніком Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці.

Ігар Кергет заўсёды адкрыты да зносін са студэнтамі — і як выкладчык, і як прафсаюзны дзеяч. А зусім нядаўна не змог адмовіць студэнтам і прыняў іх прапанову сыграць ролю выкладчыка ў сіткоме — праекце "СтуДзень", які ў гумарыстычнай форме расказвае пра жыццё студэнтаў і выкладчыкаў ГрДУ. Каму цікава, загляніце на сайт ўніверсітэта.

Калі ў канцы нашай размовы запытала ў Ігара Леанідавіча аб прынцыпах работы старшыні прафсаюзнай арганізацыі, то пачула ў адказ:

— Важна дапамагчы хаця б аднаму чалавеку. А працаваць трэба так, каб не было сорамна ні за слова, ні за справу.

Публікацыя ў "Настаўніцкай газеце" ад 12 сакавіка 2016 года