Удасканаленне сістэмы адукацыі павінна праходзіць на аснове існуючых дасягненняў, без рэформаў і неабдуманых рашэнняў. На гэта звярнуў увагу Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на праведзенай нарадзе, прысвечанай актуальным пытанням развіцця сістэмы адукацыі, паведамляе БЕЛТА. 

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, жыццё падштурхнула да разгляду шэрагу важных пытанняў. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што сур'ёзна была прааналізавана сітуацыя ў будаўнічай сферы і выпрацаваны шэраг адпаведных нарматыўна-прававых актаў. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэтак жа зрабілі з вырашэннем праблем жыллёва-камунальнай гаспадаркі, з жыллёва-камунальнымі паслугамі, падкрэсліўшы, што «да гэтага пытання мы не проста вернемся, а будзем працягваць работу». Прэзідэнт закрануў і сельскую гаспадарку: «Мы таксама збіраліся на высокім узроўні, прымалі рашэнні, выпрацоўвалі даручэнні, працавала камісія. Пасля завяршэння пасяўной кампаніі мы яшчэ раз вернемся да тэмы сельскай гаспадаркі».

Што датычыцца асноўнай тэмы нарады — адукацыі, Прэзідэнт нагадаў, што пры назначэнні новага кіраўніцтва Міністэрства адукацыі была пастаўлена канкрэтная задача — удасканаленне сістэмы, заснаванае на ўжо існуючых дасягненнях, а не рэфармаванне і ломка. «Нам з савецкіх часоў дасталася нядрэнная сістэма адукацыі, мы яе пераўтварылі. Мы да гэтага вярталіся не адзін раз, рыхтавалі новыя падручнікі. Тым не менш там яшчэ хапае праблем», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

«Мы выйшлі на шэраг праблемных пытанняў, і па іх былі дадзены канкрэтныя даручэнні: разабрацца з актуальнымі праблемамі, якія стаяць перад усімі намі, перад грамадствам», — падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, гэтыя пытанні хвалююць усіх, і яны вельмі сур'ёзна звернуты ў будучыню.

Віцэ-прэм'ер Наталля Качанава праінфармавала аб выкананні даручэнняў Прэзідэнта, якія былі дадзены ўраду па пытаннях адукацыі. Яна расказала аб праведзеных у розных рэгіёнах краіны сустрэчах з педагагічнымі калектывамі, выхавальнікамі дзіцячых дашкольных устаноў, дырэктарамі навучальных устаноў. Віцэ-прэм'ер бліжэй азнаёмілася з работай многіх дзіцячых садоў, школ, сярэдніх спецыяльных, прафесійна-тэхнічных устаноў, ВНУ і пабывала на ўроках. Наталля Качанава запэўніла, што ва ўстановах адукацыі сёння стабільнае становішча. Яна таксама падкрэсліла: «Мы адышлі ад усялякіх рэформаў і неабдуманых эксперыментаў. Нам сёння не трэба штосьці кардынальна ламаць».

Публікацыя на партале zviazda.by