Калі ў сталіцы дабудуюць новы студэнцкі інтэрнат? На якую падтрымку могуць разлічваць маладыя сем'і? Як атрымаць прыбаўку да стыпендыі ў 90 рублёў? Ці будзе адменена працэдура размеркавання? Гэтыя і іншыя пытанні асвятляліся на сустрэчы студэнтаў са старшынёй Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, прадстаўнікамі ФПБ і Мінадукацыі ў рамках акцыі «Вітаем, першакурснік!», куды было запрошана больш за 60 студэнтаў і навучэнцаў з розных універсітэтаў і каледжаў. Публікацыя на партале zviazda.by.

Таленты цэняцца ва ўсіх сэнсах

 

— Работа з моладдзю ў нашай краіне заўсёды была ў прыярытэце. Пацвярджэнне таму — дзяржпраграма «Адукацыя і маладзёжная палітыка на 2016—2020 гады», — адзначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна СІМАНОЎСКАЯ.

Такая ўвага невыпадковая. Амаль кожны пяты беларус — ва ўзросце да 31 года. У нас навучаецца 330 тысяч студэнтаў. Сёння дзяржаўныя выдаткі на адукацыю складаюць больш за пяць працэнтаў ад ВУП. Ёсць і належная нарматыўная база, і выкладчыцкі склад, які дазваляе рыхтаваць спецыялістаў для розных сфер эканомікі. Прычым апошнія гады сістэма адукацыі шчыльна працуе з заказчыкамі кадраў. Дзякуючы сумеснай рабоце вызначаюцца новыя спецыяльнасці, якія ўкараняюцца ў праграмы ўніверсітэтаў і каледжаў.

— Эфектыўна працуе механізм атрымання першага працоўнага месца. Наша краіна адзіная на постсавецкай прасторы захавала працэдуру размеркавання, — заўважае Таццяна Сіманоўская. — З гэтай нагоды мы часта падвяргаліся крытыцы з боку розных структур, але, калі прааналізавалі сітуацыю, аказалася, што не толькі студэнты, якія вучацца за бюджэтныя сродкі, але і платнікі жадаюць быць размеркаванымі. Бо гэта дае магчымасць атрымаць першае працоўнае месца спецыялісту без вопыту работы.

Шмат увагі ўдзяляецца падтрымцы таленавітых студэнтаў. У банку даных адоранай моладзі знаходзіцца інфармацыя аб амаль шасці тысячах выпускнікоў ВНУ. Лаўрэатам стыпендыяльнага фонду Прэзідэнта аказваецца сацыяльная падтрымка: яны могуць узяць па-за чаргой ільготныя крэдыты на будаўніцтва жылля, пры размеркаванні ім даецца пераважнае права пры выбары месца работы, а пры прыняцці на работу ў бюджэтныя арганізацыі такім выпускнікам павышаюць тарыфную стаўку на 15 працэнтаў.

— Адна з асноўных задач — сацыялізацыя моладзі. Трэба думаць, як уцягнуць яе ў актыўнае грамадскае жыццё, стварыць умовы і пляцоўку для таго, каб наша моладзь магла заявіць пра сябе і стаць ініцыятарам праектаў, — лічыць прадстаўнік міністэрства.

Цяпер стаіць пытанне аб неабходнасці распрацоўкі нарматыўнага дакумента, які будзе рэгуляваць парадак правядзення мерапрыемстваў у сферы маладзёжнай палітыкі. Гэта ініцыятыва паступіла з месцаў: будзе закон — будзе больш зразумела, якія формы работы можна выкарыстаць і атрымаць на іх фінансаванне. Мінадукацыі, дарэчы, ужо вядзе набор заявак на фінансаванне на 2018 год. Акцэнт — на буйнамаштабныя праекты, каб не распыляць грашовыя сродкі.

Хто маніторыць праблемы навучэнцаў?

На сустрэчы ўздымалася важнае для студэнтаў пытанне забяспечанасці месцамі ў інтэрнатах. У цэлым па краіне 84 працэнты навучэнцаў, якім неабходна жыллё, заселены ў інтэрнаты. У некаторых рэгіёнах гэты паказчык даходзіць да 100 працэнтаў. Але ў Мінску з улікам таго, што сюды прыязджае шмат іншагародніх студэнтаў, сітуацыя горшая. Па словах Таццяны Сіманоўскай, плануецца, што да 2019 года дабудуецца апошні інтэрнат у студэнцкай вёсцы, разлічаны на 1800 месцаў. Акрамя гэтага, дзякуючы падтрымцы кітайскага інвестара, узводзіцца яшчэ адзін — для навучэнцаў БНТУ.

Аказваецца падтрымка маладым сем'ям. Яны маюць права на льготны крэдыт на пакупку жылля, на пазачарговае засяленне ў інтэрнат. Для тых, хто выхоўвае дзяцей, прадугледжана 11 відаў дзяржаўных дапамог. Сёлета ў БДТУ запусцілі міжуніверсітэцкі конкурс сярод студэнцкіх пар «Сямейнае шчасце — пачатак шляху». Налета яго хочуць зрабіць рэспубліканскім.

— Толькі на міжсектарыяльным узаемадзеянні мы зможам дасягнуць станоўчых вынікаў, — упэўнена Таццяна Сіманоўская. — Не можа адзін дзяржаўны орган ахапіць усе сферы, і добра, што ёсць партнёры, якія бяруць на сябе вялікі кавалак работы ў плане сацыяльнай падтрымкі, вырашэння пытанняў матэрыяльнага стымулявання. У гэтым вялікая заслуга прафсаюза. Туды ўваходзіць больш за 95 працэнтаў студэнтаў.

— Для нас год моладзі — кожны год, — кажа ў пацвярджэнне гэтых слоў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр БОЙКА. — Амаль кожны трэці член нашага прафсаюза — да 31 года. Мы праводзім шмат работы па папулярызацыі здаровага ладу жыцця, стараемся прыцягнуць моладзь у навуку ўжо з першых гадоў вучобы. Галоўнае, каб студэнты генерыравалі ідэі — чакаем нават самыя незвычайныя.

У 2016 годзе ў рамках галіновага прафсаюза быў створаны Маладзёжны савет. Яго галоўная мэта — маніторынг праблем студэнцтва. На працягу апошніх двух гадоў былі вырашаны сур'ёзныя пытанні. «Напрыклад, распрацаваны адзіны падыход да студэнтаў ВНУ ў вызначэнні цяжкага жыццёвага становішча пры прызначэнні сацыяльных стыпендый, — кажа старшыня Маладзёжнага савета Міхаіл БАРЭЙША. — Удалося дабіцца адтэрміноўкі ад воінскай службы для выпускнікоў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія размяркоўваюцца ў гэтыя ж каледжы для прадаўжэння работы: раней многія хлопцы пасля арміі проста не вярталіся працаваць у сістэму адукацыі. Мы прапаноўвалі таксама варыянты па змяненні сярэдняга бала для атрымання вучэбнай стыпендыі ва ўніверсітэтах».

Пэўную ўладу на месцах маюць і старшыні пярвічак. Так, большасць з іх уваходзіць у камісіі па стыпендыяльным забеспячэнні, таму ў стане ўплываць на студэнцкія «заробкі». Да таго ж грошы, якія збіраюцца ў пярвічных арганізацыях, там і застаюцца, прафсаюзны актыў на месцах сам імі распараджаецца.

Ці будзе цікава, залежыць ад цябе

Падчас сустрэчы ўзнагародзілі таксама найлепшых актывістаў з ліку студэнтаў. Падзякі атрымалі тыя хлопцы і дзяўчаты, хто забяспечыў стапрацэнтнае ўступленне свайго факультэта ў прафсаюзныя шэрагі.

У іх ліку — Надзея Майсейчук, старшыня прафбюро геаграфічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Прафесію дзяўчына выбрала з-за любові да прадмета: прызнаецца, што ў школе ёй папаўся добры настаўнік. У будучым Надзея хацела б працаваць у экалагічным цэнтры, займацца маніторынгам. Чым ёй ўдалося прывабіць столькі студэнтаў у прафсаюз? "Расказвала пра тое, што яны будуць абаронены: могуць разлічваць і на льготы, і на матэрыяльную падтрымку, і на засяленне ў інтэрнат", — адказвае дзяўчына.

Студэнтка Дар'я Малахава ўзначальвае прафбюро факультэта славянскіх і германскіх моў Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. У сябе ў ВНУ яны праводзілі акцыю "Усміхніся", каб прыцягнуць першакурснікаў. А каб матываваць да далейшай кар'еры прафсаюзных актывістаў і заахвоціць іх, штогод арганізуюць майскія форумы сярод лідараў студэнцкага самакіравання "Я кажу "так".

Падзяку атрымала таксама прафорг групы факультэта інфармацыйных тэхналогій БДТУ Дар'я Талапіна. У школе дзяўчына была старастай, вадзіла клас у тэатры і за лета засумавала па такой актыўнасці. "Зразумела, што тое, наколькі цікава будзе ва ўніверсітэце, залежыць ад цябе самой. У прафсаюзе шмат варыянтаў правядзення вольнага часу: творчыя, спартыўныя мерапрыемствы. Плюс гэта добры жыццёвы вопыт".

А для саміх актывістаў, дарэчы, ёсць яшчэ адзін стымул праяўляць сябе — стыпендыя ФПБ. Яна выплачваецца на працягу 10 месяцаў. Для студэнтаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў яе памер — дзве базавыя велічыні штомесяц, а для ВНУ — чатыры. Сёлета на прэмію было пададзена больш за 120 заявак.