Пра асаблівасці фінскай сістэмы школьнай адукацыі, якая зарэкамендавала сябе як адна з самых паспяховых у свеце, расказаў падчас свайго майстар-класа ў Мінску незалежны кансультант у сферы адукацыі Кары ЛАЎХІВУОРЫ. Публікацыя на партале zviazda.by

 У Фінляндыі школьная форма — гэта джынсы і худзі (талстоўка), прычым так апранаюцца там не толькі дзеці, але і педагогі. Усё вельмі неафіцыйна. Вучні звяртаюцца да сваіх настаўнікаў па імені. Сітуацыя, калі на ўроку гаворыць толькі педагог, немагчымая. Школьнікаў не прымушаюць запамінаць мноства інфармацыі, якую без праблем можна знайсці ў інтэрнэце, затое вучаць, як яе шукаць. У адной школе вучацца дзеці з самых розных сем'яў, незалежна ад іх даходаў, і, канешне, дзеці мігрантаў. У краіне практыкуецца тэрытарыяльны прынцып замацавання за ўстановай адукацыі — рынку школ не існуе. Ва ўсіх без выключэння навучальных установах для дзяцей ствараюцца аднолькавыя ўмовы. Галоўны прынцып — роўныя стартавыя магчымасці для ўсіх. Прыватная школа ў краіне толькі адна, прычым разлічана яна на дзяцей бізнесменаў і дыпламатаў, якія вымушаны часта змяняць месца жыхарства (з улікам гэтай спецыфікі там дзейнічае міжнародная праграма). Пра асаблівасці фінскай сістэмы школьнай адукацыі, якая зарэкамендавала сябе як адна з самых паспяховых у свеце, расказаў падчас свайго майстар-класа ў Мінску незалежны кансультант у сферы адукацыі Кары ЛАЎХІВУОРЫ.


Не рок-зорка, а педагог

Кары мае саракагадовы педагагічны досвед, прычым больш як 30 гадоў ён узначальваў школу, якая стала сімвалам фінскага адукацыйнага цуду. Паўтара года таму ён пакінуў свой пост і з таго часу стаў своеасаблівым паслом фінскай адукацыі. У Беларусь яго запрасіла кампанія «А-100 Дэвелопмент», якая збіраецца ўзводзіць у мікрараёне Новая Баравая «школу будучыні». Над нестандартным праектам працавала міжнародная каманда архітэктараў. Стваральнікі вырашылі выкарыстаць "канцэпцыю аэрапорта", у аснову якой пакладзены пастаянны рух і прастора: гэта значыць, што прадугледжваюцца максімум прасторы для стасункаў і гульняў школьнікаў, шматлікія зоны адпачынку і гульнявыя комплексы, кафэ са столікамі на вуліцы і выхад на дах будынка з бібліятэкі і камп'ютарных класаў... "Але самае важнае ўсё ж такі не сцены, а тое, што ў іх адбываецца. Таму нам вельмі хацелася, каб хоць частка ідэй, якімі падзеліцца эксперт, знайшла адлюстраванне ў нашай рэчаіснасці", — падкрэсліла перад пачаткам выступлення Кары Лаўхівуоры дырэктар кампаніі Святлана ШЭЎЛІК.  Для таго каб умясціць усіх ахвотных паслухаць фінскага педагога, давялося арандаваць канцэртную залу «Мінск». Прычым геаграфія ўдзельнікаў не абмежавалася сталіцай — на сустрэчу зарэгістраваліся педагогі і дырэктары школ з усіх абласных цэнтраў і з шэрагу райцэнтраў. Добраахвотна, пасля працоўнага дня ў вячэрні час яны прыехалі ў Мінск, каб знайсці адказы на свае пытанні ці пацвярджэнне сваім думкам. І, напэўна, знайшлі, бо неаднаразова выступленне госця перарывалася апладысментамі...

— Я ўражаны! Столькі людзей, быццам бы я рок-зорка, але насамрэч я звычайны настаўнік. Вы, напэўна, не туды трапілі, — пажартаваў Кары. — У мяне часта пытаюцца, у чым заключаецца сакрэт фінскай сістэмы адукацыі? Адказваю: кароткі школьны дзень, шмат перапынкаў для гульняў, мала хатніх заданняў і доўгія канікулы. Вы думаеце, што я зноў жартую? Але тое, што я сказаў, сапраўды вельмі блізка да праўды...

Прэстыжная прафесія

Сур'ёзна пра неабходнасць рэфармавання школы ў Фінляндыі задумаліся ў 70-я гады ХХ стагоддзя.

— У нас няма, напрыклад, нафты, як у Нарвегіі. Так, у нас ёсць лес, але ж мы не можам бясконца прадаваць «зялёнае золата». Таму вырашылі зрабіць стаўку на адукацыю, якая павінна стаць нашым моцным бокам, — тлумачыць Кары. — З гэтай прычыны вельмі шмат намаганняў было прыкладзена і для падрыхтоўкі настаўнікаў, і для перамен у школе.

Прафесія настаўніка ў Фінляндыі вельмі паважаная, таму ў ВНУ ідзе толькі добра падрыхтаваная моладзь. Раней дзейнічала правіла — дзяўчат і хлопцаў набіралі «пяцьдзясят на пяцьдзясят», але цяпер такі падыход лічыцца супрацьзаконным, таму адбіраюць выключна па ведах. А паколькі дзяўчаты дэманструюць лепшую падрыхтоўку, іх прадстаўніцтва ў прафесіі павялічваецца. Навучанне ў магістратуры — абавязковае для ўсіх будучых настаўнікаў, якіх рыхтуюць быць яшчэ і даследчыкамі. Будучых педагогаў вучаць аналізу сваёй работы і глыбокаму разуменню ўсіх працэсаў, якія адбываюцца ў дзіцячым калектыве.

Пачатковая школа ў Фінляндыі — шасцігадовая. А базавую адукацыю вучні атрымліваюць на працягу дзевяці гадоў. Далей яны выбіраюць: або ідуць у старшую школу з прыцэлам на вышэйшую адукацыю, або выбіраюць прафесійна-тэхнічную падрыхтоўку.

— Я ведаю шмат людзей, якія будучы дзецьмі, нават уявіць сабе не маглі, што яны яшчэ дзесяць гадоў будуць вучыцца. У іх была толькі адна думка — як адрамантаваць свой мапед і як хутчэй пачаць зарабляць уласныя грошы. Але ў адзін цудоўны дзень яны прачынаюцца пасталеўшымі і думаюць: напэўна, было б нядрэнна пайсці вучыцца далей і запусціць свой бізнес, вывучыцца на юрыста ці, можа, нават на настаўніка. Самае галоўнае — дзверы для атрымання адукацыі ў нас заўсёды адчыненыя, — падкрэслівае фінскі эксперт. — У старшых класах школы можна адначасова атрымліваць яшчэ і прафесію. Жаданне вучыцца не залежыць ад дабрабыту сям'і. Адукацыя для ўсіх бясплатная. Фінскі ўрад укладвае сродкі ў дзяржаўную сістэму адукацыі, каб падтрымліваць яе ў адпаведнасці з самымі высокімі стандартамі. Гэта сістэма забяспечвае роўнасць для ўсіх і ва ўсіх школах: бясплатныя падручнікі, абеды для вучняў... У нас не ўзнікае сітуацый, калі адна школа больш папулярная, таму што там створаны нейкія асаблівыя ўмовы для навучання, якіх няма ў іншых школах.

Тэатр адмяняецца!

У Фінляндыі ўсё будуецца на даверы. Прычым гэта датычыцца ўсяго грамадства. Урад давярае мясцовым муніцыпалітэтам, мясцовыя органы ўлады давяраюць дырэктару школы, дырэктар школы — настаўнікам, а бацькі давяраюць школе. Адно з асноўных дасягненняў школьнай рэформы — адсутнасць школьных інспектараў. У прафесію ідуць найлепшыя, якіх не трэба кантраляваць, яны самі ўсё зробяць для сваёй прафесійнай самарэалізацыі.

— Мы паклалі канец школьным праверкам, бо ўсе настаўнікі ведаюць, што інспекцыя — гэта тэатр: ты апранаеш касцюм, гальштук, усе сустракаюць інспектара, усміхаюцца яму, дзеці напужаныя, баяцца што-небудзь зрабіць ці сказаць не так, а калі праверка сыходзіць, мы ўсе выдыхаем: «Ну дзякуй богу, зараз вернемся да нармальнага жыцця», — кажа Кары.

У фінскай школе шмат гадоў дзейнічае сістэма самаацэнкі. Яна мае трохгадовы цыкл. Пасля заканчэння кожнага цыкла бацькам, супрацоўнікам школы і навучэнцам накіроўваецца анкета, па выніках якой вызначаюцца дзесяць кірункаў, па якіх школа паказала сябе добра, і дзесяць кірункаў, дзе яна адстае. З іх выбіраюцца тры тэмы, на якіх давядзецца сканцэнтраваць свае намаганні ў найбліжэйшы час.

— Рэгулярныя праверкі і маніторынгі ў нас не праводзяцца, хоць у некаторых краінах лічаць, што дзяцей трэба пастаянна тэсціраваць і экзаменаваць. Маўляў, так можна выявіць, наколькі добра вучні падрыхтаваны. Мае калегі з ЗША і Вялікабрытаніі скардзіліся, што вельмі стаміліся ад шматлікіх праверак, — падкрэслівае Кары. — Першы сур'ёзны тэст нашы вучні праходзяць пасля заканчэння сярэдняй школы, перад паступленнем ва ўніверсітэт. Нацыянальны савет па адукацыі можа выбарачна ўзяць некалькі школ і праверыць іх па нейкіх дысцыплінах, каб пераканацца, што сістэма добра працуе паўсюдна. Гэта як здаць аналіз крыві — калі ты ідзеш да ўрача, у цябе ж не бяруць усю кроў, а толькі некалькі кропель. Тут дзейнічае такая ж логіка: прадметам для аналізу выбарачна становяцца невялікія групы па ўсёй краіне. Школьная рэформа паклала канец канкурэнцыі за кошт нейкіх лічбаў. У нас няма неабходнасці даказваць, што твая школа лепшая за суседнюю.

У Фінляндыі няма рэформаў, якія спускаюцца зверху. Міністэрства і адміністрацыя нічога не навязваюць, усё заўсёды абмяркоўваецца з настаўнікамі. Супрацоўніцтва і дыялог з педагогамі — вельмі важны момант у фінскай школе. Прычым у настаўнікаў поўная аўтаномія. Яны могуць выбіраць тую методыку, якую лічаць эфектыўнай. Настаўнікі — эксперты, і яны самі вырашаюць, як вучыць дзяцей.

Знайсці ключык да кожнага

Асобная тэма — сістэма падтрымкі. Яна павінна быць аказана вучню адразу, як толькі з'явіліся першыя праблемы, каб парушынка не ператварылася ў бервяно. Умяшанне на раннім этапе вельмі важнае. Калі настаўнік сам не спраўляецца, ён можа запрасіць педагога па асаблівых патрэбах. Яны разам распрацоўваюць спецыяльную праграму падтрымкі. А ў вельмі сур'ёзных сітуацыях дзіця могуць перавесці ў невялікую групу (не больш за 10 вучняў). З такімі групамі працуюць настаўнік, педагог па спецыяльных патрэбах, сацыяльны работнік, які звязаны з гарадской арганізацыяй сацыяльных работнікаў, псіхолаг, школьная медсястра... Але нават калі дзяцей пераводзяць у спецыяльныя групы, усё роўна імкнуцца, каб некаторыя прадметы яны вывучалі ў вялікіх групах, а калі ў вучобе з'явіўся прагрэс, такі вучань можа вярнуцца ў свой клас.

— Якая рабочая абстаноўка лічылася ідэальнай у школе сто гадоў таму? — пацікавіўся Кары ў беларускіх педагогаў. — Калі ў класе — цішыня, усе сядзяць за партамі, размаўляе толькі настаўнік, вучню трэба падняць руку і дачакацца дазволу, каб штосьці сказаць. Калі ён дрэнна сябе паводзіць, яго выганяюць з класа. Сёння такія падыходы неактуальныя. Калі ёсць праблема, яе трэба вырашаць, а калі дзіця проста выгнаць з класа, яно вернецца, але разам са сваёй нявырашанай праблемай.

Лічыцца, што да кожнага выхаванца педагогі павінны знайсці падыход. Калі метад у рабоце з вучнем не працуе, значыць, гэта не той метад. Задача педагога — забяспечыць сумеснае навучанне дзяцей з рознымі патрэбамі, дапамагчы кожнаму выхаванцу знайсці аптымальны спосаб дасягнення мэты. Падтрымка дзіцяці ў школе эканоміць істотныя дзяржаўныя сродкі. Калі вучань выключаецца са школы, ён становіцца беспрацоўным і ніколі не будзе плаціць падаткі. Можа стаць наркаманам, злачынцам, трапіць у турму. Для яго сям'і — гэта катастрофа, а для грамадства — занадта высокая плата.

— Раней ад школьнікаў патрабавалася ведаць сталіцы ўсіх дзяржаў, назвы рэк, мноства дат... Настаўнік выліваў вядро інфармацыі на вучня, а потым гэта інфармацыя вылівалася з яго рота. Вучань быў пасіўным яе спажыўцом, — працягвае фінскі эксперт. — Сёння, калі ў кожнага з нас у кішэні смартфон, няма неабходнасці ўсё ведаць на памяць. Патрабуецца базавы ўзровень ведаў, каб разумець тую інфармацыю, якую можна знайсці ў «гугле». Куды больш важна навучыць сваіх вучняў быць гнуткімі, успрымальнымі да ўсяго новага, інавацыйнымі, умець арганізоўваць пошук новых рашэнняў.Практычныя навукі адыгрываюць вялікую ролю, таму мы вучым сваіх выхаванцаў крытычна мысліць і самім ствараць новую інфармацыю. Гэта зусім іншы падыход да навучання.

Адно з апошніх новаўвядзенняў у фінскай школе — з'яўленне міжпрадметных модуляў, якія ўключаюць у сябе некалькі дысцыплін. Гэта могуць быць, напрыклад, мастацтва і гісторыя. Хімія, працоўнае навучанне і замежная мова. Маляванне, працоўнае навучанне і інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Увогуле ў фінскай сістэме адукацыі вялікую ролю адыгрываюць такія прадметы, як выяўленчае мастацтва, музыка, працоўнае навучанне. Кары кажа, што не варта забываць пра другое паўшар'е мозга, якое адказвае за творчасць, мастацтва, рамёствы... У сёмым класе і хлопчыкаў, і дзяўчат вучаць гатаваць на ўроках працоўнага навучання розныя стравы, а ў старшых класах і юнакі, і дзяўчаты асвойваюць тэхнічную працу, іх вучаць карыстацца рознымі інструментамі.

Адзнака ці вусны каментарый?

Урокі доўжацца 45 хвілін. Працягласць перапынкаў — 15 хвілін. Калі ўрокі аб'ядноўваюцца, перапынак складае 30 хвілін. Гэта той час, які вучні павінны прысвяціць актыўным гульням, пажадана на свежым паветры. Фіны ўпэўнены, што ў дзяцей нельга адбіраць дзяцінства. Яны павінны гуляць і кантактаваць з равеснікамі. Нават тое, што мы называем «марнаваннем часу», насамрэч вельмі важнае для іх. Менавіта таму ніхто не падганяе дзяцей з вучобай і не патрабуе, каб малыя, якія прыходзяць у першы клас, умелі чытаць і лічыць. Тут упэўнены, што ўсяму свой час.

Для ацэньвання ў фінскіх школах выкарыстоўваецца дзесяцібальная шкала. 8 лічыцца добрай адзнакай, 9 і 10 — выдатнай, а 4 — гэта фіяска. Але адзнака значыць не вельмі многа, куды больш важна атрымаць вербальную зваротную сувязь, вусны каментарый, асабліва ў пачатковых класах, дзе балы ўвогуле не выстаўляюцца.

«Любая адзнака, выстаўленая настаўнікам, у многім суб'ектыўная, у ёй няма адзінай праўды. Вось чаму вучань, якога ацанілі ў балах, асабліва калі ён сумняваецца ў справядлівасці ацэньвання, павінен мець магчымасць атрымаць ад настаўніка прамую зваротную сувязь, а педагог павінен растлумачыць, на чым базіравалася яго адзнака, — падкрэслівае Кары. — Педагог ставіць мэты разам з вучнем, тлумачыць, чаго ён ад яго чакае, таму ацэнка робіцца празрыстай і зразумелай».

У фінскага эксперта пацікавіліся, як можна стымуляваць дзіця без выстаўлення адзнакі? «Школьніка трэба параўноўваць не з іншымі вучнямі ў класе, а з самім сабой. Каб дзіця разумела, наколькі яно паспяховае сёння, як развіваецца, ці далёка прайшло наперад у параўнанні з папярэднім годам. Гэта дапамагае вучню бачыць свой прагрэс, ставіць уласныя мэты і развівацца бесперапынна», — адказаў Кары.

Адкрыць вокны і дзверы

Паміж настаўнікамі і педагогамі ў фінскіх школах практыкуюцца вельмі дэмакратычныя па нашых мерках стасункі. «Мае вучні маглі мне сказаць: «Прывітанне, Кары!» ці «Прывітанне, Рэксі!» («Рэксі» — гэта мянушка дырэктара школы), але я не бачу ў гэтым нічога крыўднага, — кажа фінскі педагог. — Такі зварот ніколькі не змяншае мой аўтарытэт сярод вучняў. Аўтарытэт прыходзіць праз прафесіяналізм і заваёўваецца на ўроках. Канешне, заўсёды знойдуцца некалькі чалавек, якія інтэрпрэтуюць сітуацыю па-свойму, таму трэба будзе абмеркаваць яе з усім класам. Гэта як дрэсіроўка сабакі. Калі ўвесь час біць свайго гадаванца, вы яго нічому не навучыце, акрамя як баяцца гаспадара. А калі вы разам з дзецьмі будзеце вучыцца адказваць на рызыкі, знаходзіць разам рашэнні, тым больш што рашэнне часта можа быць не адно, да вас абавязкова будуць прыслухоўвацца».

«Што, на вашу думку, можна было б узяць беларускай школе з фінскай, каб пакласці пачатак пераменам у сістэме адукацыі?», — запыталіся ў Кары Лаўхівуоры беларускія педагогі.

— Любыя змяненні ў школьнай сістэме патрабуюць вельмі шмат часу, таму трэба быць цярплівымі. Я думаю, што ўсё пачынаецца з падрыхтоўкі настаўніка плюс трэба даць школе дастаткова рэсурсаў, — адказаў эксперт. — Неабходна адкрываць вокны і дзверы для міжнароднага вопыту, глядзець, які падыходзіць непасрэдна да вашай сістэмы, але нельга проста ўзяць і скапіраваць чужую школьную сістэму, таму што школа і адукацыя вельмі моцна звязаны з гісторыяй і культурай канкрэтнай краіны. Але ў любым выпадку настаўнікам трэба даваць больш свабоды і магчымасць уплываць на тыя працэсы, што адбываюцца ўнутры школы. Вельмі важна, каб школамі кіравалі тыя людзі, якія самі былі настаўнікамі, стаялі перад класам і заваёўвалі ўвагу вучняў штодня. І каб быў пастаянны дыялог паміж адміністрацыяй і педагогамі. Школа — гэта перш за ўсё настаўнік!

Нацыянальны савет па адукацыі Фінляндыі вызначыў, якіх грамадзян павінна выхоўваць школа: упэўненых і арыентаваных на будучыню, з крытычнымі і аналітычнымі здольнасцямі, актыўных, інтэрактыўных, крэатыўных, здольных да ўзаемадзеяння, адданых супольнасці, экспертаў па многіх пытаннях, гатовых выкарыстоўваць свой патэнцыял і навучацца цягам усяго жыцця.