Творчая сустрэча старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандра Аляксандравіча Бойкі з калектывам “Настаўніцкай газеты” прайшла нядаўна. Пачатак яе атрымаўся надзвычай святочным: старшыня галіновага прафсаюза ўручыў граматы і падзякі супрацоўнікам выдання.

Так, граматы Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі атрымалі галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Кнышаў, загадчык аддзела навукі і вышэйшай школы старшыня прафкама газеты Галіна Сідаровіч, галоўны бухгалтар выдання Таццяна Бардашун, фотакарэспандэнт Алег Ігнатовіч, рэдактар аддзела аховы дзяцінства Марына Пыркова, іншыя супрацоўнікі.

Таксама А.А.Бойка ўручыў падзякі ЦК галіновага прафсаюза рэдактару аддзела культуры Міколу Гілевічу, рэдактару аддзела выхавання Ігару Грэчку, іншым работнікам рэдакцыі. Другая частка сустрэчы была прысвечана абмеркаванню актуальных пытанняў супрацоўніцтва галіновага прафсаюза і выдання беларускіх педагогаў.

— Людзі вас падтрымліваюць, прафесійны саюз вас разумее і таксама падтрымлівае, — сказаў Аляксандр Аляксандравіч.

Пры гэтым ён заўважыў, што ў членаў прафсаюза, а гэта, зразумела, педагогі, кіраўнікі адпаведных аддзелаў райвыканкамаў і г.д., ёсць пэўныя прапановы і пажаданні наконт напаўняльнасці газеты, актуальнасці яе матэрыялаў.Так, педагогаў цікавяць такія надзённыя тэмы, як неабходнасць скараціць абавязкі настаўнікаў, якія неўласцівы іх прафесіі, аптымізацыя ўстаноў адукацыі, павышэнне нагрузкі на педагогаў, рэкамендацыі псіхолагаў настаўнікам па вырашэнні канфліктных сітуацый, іншыя пытанні. Выказаў А.А.Бойка і пажаданне больш асвятляць работу маладых прафсаюзных лідараў галіны, расказваць пра сямейныя педагагічныя дынастыі, запрасіў выязджаць у сумесныя з прафсаюзам рэйды, напрыклад, у дзіцячыя аздараўленчыя лагеры.

— А яшчэ педагогі чакаюць ад свайго выдання зараду бадзёрасці і аптымізму, — заўважыў старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

— Педагогі ў сваёй рабоце павінны быць аптымістамі, бо галіна адукацыі стварае вялізную частку настрою ў грамадстве. Галоўны рэдактар выдання Вадзім Кнышаў падзякаваў Аляксандру Аляксандравічу Бойку за ўвагу да калектыву і заўважыў: — І вы, і мы працуем для людзей. Нам важна, каб настаўнікі захоўвалі правільны настрой, ішлі ў класы да дзяцей з такім настроем і стваралі яго сваім выхаванцам.

Публікацыя на сайце "Настаўніцкай газеты"