Каля 18 тысяч беларускіх рублёў матэрыяльнай дапамогі выдаткавана да пачатку новага навучальнага года па рашэнні прэзідыума Магілёўскага гарадскога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Выплаты будуць зроблены шматдзетным сем’ям, у якіх хаця б адзін з бацькоў працуе ў навучальнай установе абласнога цэнтра і з’яўляецца членам прафсаюза. Публікацыя ў "Настаўніцкай газеце"

 

 

https://nastgaz.by/wp-content/uploads/2017/08/profsouzydetyam-300x188.jpg 300w" sizes="(max-width: 640px) 100vw, 640px">— У рамках дабрачыннай акцыі “Прафсаюзы — дзецям” аказваецца пастаянная дапамога бацькам, якія выхоўваюць непаўналетніх, — расказаў старшыня гарадскога камітэта галіновага прафсаюза Анатоль Чумакоў. — Так, у канцы навучальнага года мы выдзелілі дзецям работнікаў устаноў адукацыі Магілёва грошы на аздараўленне ў лагерах з кругласутачным знаходжаннем. Напярэдадні Дня ведаў традыцыйна дапамагаем бацькам падрыхтаваць дзяцей да школы. У гэтым годзе ў рамках акцыі мы ахапілі 385 дзяцей са 177 шматдзетных сем’яў. Акрамя таго, установы адукацыі таксама акажуць супрацоўнікам пасільную дапамогу ў адпаведнасці з умовамі іх калектыўнага дагавора.

Сярод тых, каму запланаваны выплаты да 1 верасня, — сям’я Ігара і Ірыны Хліманцовых. У гэтым годзе яны адправяць у школу семярых дзяцей. На кожнага з іх з прафсаюзнага бюджэту будзе выдаткавана па 2 базавыя велічыні, або 46 беларускіх рублёў. У планах — купіць на гэтыя грошы зменны абутак.

Ірына Іванаўна — настаўніца пачатковых класаў магілёўскай гімназіі № 4, мама з вялікім стажам, але нават для яе сабраць дзіця ў школу — справа няпростая і даволі клопатная. “Менш за 100 сшыткаў за адзін раз не купляем”, — усміхаецца яна. А яшчэ ручкі, дзённікі, алоўкі, фламастары, пеналы… Аднак гэта паўбяды, бо яшчэ патрэбна і школьная форма, і абутак, і рукзакі. Добра, што дзеці да рэчаў адносяцца акуратна і часта адзенне перадаецца ад старэйшых малодшым.

— Купіць да 1 верасня ўсё і адразу — задача складаная, — расказвае Ірына Іванаўна. — Даводзіцца набываць школьныя прылады па меры неабходнасці на працягу ўсяго навучальнага года. Калі ёсць скідкі або акцыі, то выходзіць эканомней. І гэта радуе.

Да вучобы дзеці таксама ставяцца вельмі адказна: у дзённіках толькі добрыя адзнакі, а дзяўчынкі ўвогуле круглыя выдатніцы. Усе плануюць паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі па прыкладзе сваіх старэйшых братоў — студэнтаў Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Дарэчы, дзяўчынкі паспяваюць не толькі добра вучыцца, але і наведваць музычную школу — іграюць на фартэпіяна, флейце, скрыпцы. Хлопчыкі асвойваюць сталярную справу і пастаянна нешта майструюць з татам у гаражы. Гадзінамі глядзець тэлевізар або бязмэтна сядзець перад камп’ютарам у гэтым доме не прынята.

Па словах Ірыны Іванаўны, у сям’і надаецца вялікае значэнне працоўнаму выхаванню дзяцей: яны абавязкова дапамагаюць у дамашніх справах, выконваюць пасільную працу на агародзе. Прычым прымушаць нікога не трэба — малодшыя стараюцца, гледзячы на старэйшых братоў і сясцёр. А яшчэ дзяўчынкі з задавальненнем гатуюць і частуюць бацькоў новымі стравамі. “Часам атрымліваецца смачней, чым у мяне”, — упэўнена суразмоўца.

Любоў, працавітасць, павага і ўзаемадапамога — залог моцнай і шчаслівай сям’і, лічаць у доме Ігара і Ірыны Хліманцовых. Менавіта такая дружная і добразычлівая атмасфера дае дзіцяці ўпэўненасць у сабе, а таксама дадатковыя сілы вучыцца і развівацца. Аднак гэта дасягненне не аднаго дня, а пастаянная карпатлівая праца над сабой кожнага члена сям’і.