“Прывітанне, першакурснік!” — гэтая штогадовая рэспубліканская акцыя днямі сабрала ў сталічным Доме прафсаюзаў больш за 60 маладых прафсаюзных актывістаў устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Маладых людзей чакала сустрэча з кіраўніцтвам Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, кіраўнікамі абкамаў і Мінскага гаркама галіновага прафсаюза. Публікацыя ў "Настаўніцкай газеце" ад 2 лістапада 2017 г.

Да пачатку сустрэчы запрошаныя маглі пазнаёміцца з творчасцю мінскіх студэнтаў на выставе — былі, напрыклад, прадстаўлены калядныя падарункі, якія студэнты сталічных УВА падрыхтавалі для выхаванцаў Дзяржынскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра з прытулкам, а таксама наведаць Залу славы ФПБ.

Мікіта Велігура, адзін з удзельнікаў сустрэчы, вучыцца на першым курсе Лоеўскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа. Будучую прафесію выбраў невыпадкова, бо з’яўляецца прадаўжальнікам педагагічнай дынастыі, а пасля таго, як атрымае сярэднюю спецыяльную адукацыю, марыць працягнуць вучобу ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. І, канечне, Мікіта — адзін з прафсаюзных актывістаў у сваёй навучальнай установе, за кароткі тэрмін вучобы змог добра сябе праявіць. Як, напрыклад, і Ксенія Цішэвіч, студэнтка БДПУ імя Максіма Танка, якая закончыла школу з адзнакай. Дзяўчына таксама прадстаўніца педагагічнай дынастыі, прыехала ў Мінск з Нясвіжа. На сустрэчу прыйшла, каб больш даведацца аб прафсаюзнай арганізацыі, уліцца ў прафсаюзны актыў.

Ды і пра кожнага прафгрупарга, якую б навучальную ўстанову ён ні прадстаўляў — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэта імя Янкі Купалы або нейкую іншую — можна смела сказаць, што ён чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, мае добрыя лідарскія якасці.

— Для нашага прафсаюза, як і для Міністэрства адукацыі, прынамсі, кожны год — гэта Год моладзі, тым больш што амаль кожны трэці ў нашым прафсаюзе — гэта малады чалавек да 31 года, — гаворыць старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі Аляксандр Бойка. — Такія сустрэчы — даўняя добрая традыцыя. ФПБ шмат працуе з моладдзю, а мы ў такой дзейнасці павінны быць на палову кроку наперадзе. Так, мы б хацелі з першых гадоў навучання ва УВА прывіць нашай моладзі цікавасць да навукі — гэта адно з пытанняў сённяшняй сустрэчы. І, канечне, хочам падзякаваць маладым людзям, якія актыўна ўдзельнічаюць у прафсаюзным руху. Такія сустрэчы падтрымліваюць сувязь пакаленняў, спрыяюць перадачы вопыту, становяцца школай станаўлення для маладых прафактывістаў.

— Работа з моладдзю ў нашай краіне заўсёды была, ёсць і застанецца прыярытэтнай, — заўважае Таццяна Сіманоўская, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі — начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі. — Супрацоўніцтва з грамадскімі аб’яднаннямі і ў першую чаргу з Федэрацыяй прафсаюзаў вельмі важнае, бо толькі на ўзаемадзеянні мы зможам дабіцца станоўчых вынікаў. Неабходны партнёры, і добра, што гэтыя партнёры бяруць на сябе вялікую частку работы ў плане сацыяльнай падтрымкі, матэрыяльнага стымулявання, абароны інтарэсаў моладзі.

— Можна з упэўненасцю сказаць, што, выбіраючы маладзёжную арганізацыю, ва ўстановах адукацыі моладзь амаль цалкам (больш за 95%) выбірае студэнцкі прафсаюз, — дадае Таццяна Анатольеўна.

У гаворцы са студэнтамі і навучэнцамі Аляксандр Бойка, Таццяна Сіманоўская, старшыня маладзёжнага савета ФПБ Арцём Ігнаценка, іншыя прысутныя расказалі моладзі пра гісторыю галіновага прафсаюза, сённяшні дзень прафсаюзнага руху, маладзёжную палітыку ў нашай краіне. Так, маладыя прафгрупаргі даведаліся, што ёсць магчымасць падаць заяўку ў Міністэрства адукацыі на фінансаванне буйных маладзёжных ініцыятыў на будучы год. Пачулі, што ад іх чакаюць ініцыятыў па пошуку жылля для іншагародніх студэнтаў і навучэнцаў, што асабліва актуальна для Мінска. Даведаліся, што Рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр гатовы падтрымаць праекты добраахвотнай дзейнасці, а таксама валанцёраў чакаюць на ІІ Еўрапейскіх гульнях у Мінску. І шмат чаго яшчэ цікавага прагучала на сустрэчы. А ў галіновы прафсаюз уліліся маладыя сілы.