Штодзень на сусветных кортах, палях, бегавых дарожках, татамі, на стадыёнах і ў спартыўных залах нашы спортсмены даказваюць, што Беларусь — спартыўная краіна. Гэтую эстафету ўслед за прафесіяналамі пераймаюць і аматары фізкультуры і спорту. Напрыкпад, удзельнікі Рэспубліканскай спартакіяды работнікаў сістэмы адукацыі.

 

Сімвалічна, што два буйныя спартыўныя мерапрыемствы ў сістэме адукацыі — універсіяда і спартакіяда работнікаў сістэмы адукацыі — адбываліся амаль адначасова. Супрацоўнікі ўстаноў адукацыі заўсёды стараюцца выхоўваць дзяцей і моладзь асабістым прыкладам, у тым ліку і ў спорце. I маладыя людзі, натхнёныя гэтым прыкладам, здзяйсняюць свае спартыўныя подзвігі.

Спартакіяду работнікаў сістэмы адукацыі раз у два гады арганізоўваюць Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі, Міністэрства адукацыі і Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. Сёлета мерапрыемства было прысвечана 95-годдзю Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і сабрала ўдзельнікаў у НДЦ "Зубраня". За лідарства ў камандным і асабістым заліку па 11 відах спорту паспаборнічалі каля 400 ўдзельнікаў 8 каманд — гэта каманды ўсіх абласцей краіны, Мінска і зборная каманда ўстаноў вышэйшай адукацыі сталіцы. Усе яны ўжо сталі пераможцамі папярэдніх этапаў спартакіяды на раённым і абласным узроўні.

— Сёння ў "Зубраняці" адбываецца выніковая галіновая спартакіяда. Гэта цудоўнае спартыўнае свята, але хочацца адзначыць, што гэта не асобна ўзятае мерапрыемства, а цэлая сістэма спаборніцтваў на розных узроўнях. Для нас самае важнае — што адбываецца ў працоўных калектывах, галоўны прыярытэт — здаровы лад жыцця і масавы спорт. Гэтаму і міністэрства, і прафсаюз удзяляюць шмат увагі, — расказвае Аляксандр Аляксандравіч Бойка, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. — Мне радасна заўважаць, калі выязджаю ў працоўныя калектывы, што супрацоўнікі сістэмы адукацыі ахвотна займаюцца спортам і свядома выбіраюць здаровы лад жыцця. I гэта дае плён.

Тое, што плён і вынікі ёсць, пацвярджае і галоўны суддзя заключнага этапу спартакіяды Эрнэст Мікалаевіч Яроменка, суддзя міжнароднай катэгорыі, алімпійскі арбітр:

— Я не першы раз з'яўляюся суддзёй спартакіяды работнікаў сістэмы адукацыі і з радасцю адзначаю вялікі энтузіязм, з якім каманды прымаюць удзел у спаборніцтвах, — дзеліцца назіраннямі Эрнэст Мікалаевіч. — Таксама бачна, што з кожным годам расце ўзровень майстэрства ўдзельнікаў. Сёння многія каманды дэманструюць высокі клас гульні. Асабліва гэта датычыцца валейбола, міні-футбола, настольнага тэніса.

Парад каманд і ўзняцце дзяржаўнага сцяга на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця далі старт спартакіядзе, і ўдзельнікі каманд уступілі ў барацьбу за чэмпіёнства. Спаборніцтвы хоць і аматарскія, але арганізавана ўсё было на высокім прафесійным узроўні — падрыхтоўка, рэгістрацыя, рэгламент, правілы, пратаколы... Хіба што допінг-пробы спартсмены не здавалі. Сачылі за ходам спаборніцтваў суддзі міжнароднага класа.

Склад каманд быў надзвычай разнастайны, Безумоўна, большая частка ўдзельнікаў — выкладчыкі і настаўнікі фізічнай культуры і спорту. Але былі ў камандах таксама настаўнікі-прадметнікі, выхавальнікі дзіцячых садоў, дырэктары школ, начальнікі аддзелаў адукацыі, выкпадчыкі і намеснікі дэканаў УВА і інш. Словам, прадстаўнікі ўсіх узроўняў сістэмы адукацыі. Прыемна, што сярод удзельнікаў каманд сустракаюцца кіраўнікі працоўных калектываў. Згадзіцеся, як цудоўна, калі ў супрацоўнікаў установы такі прыклад перад вачыма — спартыўны, здаровы, мэтанакіраваны кіраўнік. Як, напрыкпад, Андрэй Барысавіч Заблоцкі, начальнік аддзела адукацыі спорту і турызму Магілёўскага раёна. Ён удзельнічае ў спартакіядзе роўна столькі, колькі працуе ў адукацыі — з 1994 года, а вось на рэспубліканскім узроўні змагаецца ўпершыню. Як кіраўнік ён добра ведае, што такое тактыка і стратэгія, і прызнаецца, што ў яго каманды ёсць і першае, і другое.

Па выніках двух дзён спаборніцтваў на п'едэстал гонару ўзняліся каманды Гомельскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Гродзенцы сталі лепшымі ў жаночым валейболе, лёгкаатлетычным кросе сярод мужчын да 35 гадоў, у спаборніцтвах па перацягванні каната і ў выніку занялі 1-е месца рэспубліканскай спартакіяды. Брэстаўчанам не было роўных у мужчынскім валейболе, міні-футболе, плаванні, стральбе і дартсе сярод жанчын. Каманда ўзнялася на другую прыступку п'едэстала. Гамяльчане перамаглі ў спаборніцтвах па гіравым спорце, дартсе сярод мужчын, у двух відах плавання — эстафеце і жаночых спаборніцтвах. У выніку каманда заняла 3-е месца.

У рамках спартакіяды асобна праводзіліся спаборніцтвы для кіраўнікоў арганізацыйных структур прафсаюза па більярдзе і дартсе. Старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі прафсаюза Вера Віктараўна Грышэчка перамагла ў дартсе, пацвердзіўшы лідарства каманды вобласці на спартакіядзе. Пераможцам спаборніцтва па більярдзе стаў Аляксандр Аляксандравіч Бойка, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, — дастойная перамога сапраўднага лідара.

Лепшыя спартсмены і каманды будуць прадстаўляць галіну адукацыі на XVI Рэспубліканскай міжгаліновай спартакіядзе прафсаюзаў, якая адбудзецца 22—25 верасня ў Магілёве. Каманда прафсаюза работнікаў адукацыі заўсёды годна выступае на міжгапіновых спаборніцтвах. Спадзяёмся, што гэтак жа будзе і сёлета.

Публікацыя ў "Настаўніцкай газеце" ад 24 мая 2016 г.