У рэдакцыі «Звязды» прайшла прамая лінія «Усё аб працоўным праве». Чытачы газеты мелі магчымасць задаць свае пытанні  галоўнаму прававому інспектару працы Цэнтральнага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларысе Васілеўне МАНЮК.

 — Добры дзень! 8 верасня гэтага года настаўнік-пенсіянер, які працуе школьным вартаўніком, атрымаў апавяшчэнне ад дырэктара гэтай вясковай школы аб яго рашэнні спыніць працоўныя адносіны з вартаўніком-пенсіянерам у сувязі са сканчэннем тэрміну дзеяння кантракта 18 кастрычніка 2017 года. Настаўнік-пенсіянер хоча — і здароўе дазваляе — і далей працаваць у гэтай школе. Наколькі гэта магчыма і як дамагчыся згоды дырэктара, каб ён не звальняў вартаўніка толькі таму, што той з'яўляецца пенсіянерам? (Ліст дасланы па электроннай пошце.)

На пытанне нашага чытача адказвае галоўны прававы інспектар працы Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Манюк:

— Вы, напэўна, ведаеце, што ў адпаведнасці з нашым заканадаўствам нельга звольніць работніка, кіруючыся тым, што ён дасягнуў пенсійнага ўзросту. Працэдура і падставы звальнення работнікаў, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, — такія ж, як і для іншых катэгорый работнікаў.

Таксама хачу сказаць, што ў адпаведнасці з галіновымі пагадненнямі паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускім прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі на 2016—2019 гады, з работнікамі, якія паспяхова і добрасумленна выконваюць службовыя абавязкі і не маюць дысцыплінарных спагнанняў на працягу года, што папярэднічае даце заканчэння кантракта, і якія маюць працяглы стаж работы па спецыяльнасці (у галіне), працягласць якога вызначаецца ў кожнай канкрэтнай арганізацыі самастойна ў калектыўным дагаворы, кантракты заключаюцца на тэрмін ад 3 да 5 гадоў (падпункт 31.13 пункта 31).

На тэрмін не менш як 5 гадоў кантракты заключаюцца з работнікамі галіны, якія паспяхова і добрасумленна выконваюць службовыя абавязкі і не маюць дысцыплінарных спагнанняў на працягу года, што папярэднічае даце заканчэння кантракта, і якія маюць высокі прафесійны ўзровень і кваліфікацыю (падпункт 31.14 пункта 31).

Кантракты працягваюцца з работнікамі, якія паспяхова і добрасумленна выконваюць службовыя абавязкі і не маюць дысцыплінарных спагнанняў на працягу года, што папярэднічае даце заканчэння кантракта, у межах максімальнага тэрміну дзеяння кантракта з іх згоды (падпункт 31.15 пункта 31).

Таму вы маеце права звярнуцца да наймальніка з пісьмовай заявай, каб наймальнік у пісьмовым выглядзе растлумачыў прычыну (прычыны) непрацягнення (незаключэння новага) кантракта з вамі (падпункт 31.20 пункта 31).

Але хачу звярнуць вашу ўвагу: гэтыя гарантыі дзейнічаюць толькі ў дачыненні да тых работнікаў, якія не парушалі працоўную дысцыпліну і не маюць дысцыплінарных спагнанняў.

Калі наймальнік па патрабаванні галіновага прафсаюза не працягне з вамі кантракт (ці не заключыць новы), то ў адпаведнасці са Статутам галіновага прафсаюза (падпункта 18.1, 18.2 пункта 18), галіновых пагадненняў (падпункт 26.3 пункта 26) вы маеце права звярнуцца ў раённую, гарадскую, абласную арганізацыю ці ў Цэнтральны камітэт галіновага прафсаюза па абарону сваіх працоўных правоў, і вам будзе аказана бясплатная прававая дапамога. Адрасы і тэлефоны гэтых структур знаходзяцца на прафсаюзным стэндзе ўстановы адукацыі.

Калі наймальнік па патрабаванні галіновага прафсаюза не працягне з вамі кантракт (не заключыць новы), то галіновы прафсаюз з вашай згоды падрыхтуе іскавую заяву і будзе прадстаўляць вашы інтарэсы ў судзе.

 — Скажыце, калі мой працоўны год пачаўся ў жніўні (працую настаўнікам), а ў пачатку сакавіка планую пайсці ў дэкрэтны водпуск, ці маю я права перад дэкрэтам узяць чарговы працоўны водпуск за ўвесь працоўны год? Ці толькі за адпрацаваны перыяд? (пытанне прыйшло па электроннай пошце).

Ларыса Манюк:

— У адпаведнасці з ч. 5 п. 5 арт. 168 Працоўнага кодэкса пры складанні графіка працоўных водпускаў наймальнік абавязаны запланаваць водпуск па жаданні работніка ў пэўны перыяд — жанчынам перад водпускам па цяжарнасці і родах або пасля яго. У адпаведнасці з ч. 2 п. 1 арт. 166 ПК першы працоўны водпуск наймальнік абавязаны прадаставіць да заканчэння шасці месяцаў працы па жаданні работніка — жанчынам перад водпускам па цяжарнасці і родах або пасля яго. У выпадку прадастаўлення гэтай катэгорыі работнікаў працоўнага водпуску за першы год работы або за наступныя гады водпуск прадастаўляецца ў поўным аб'ёме незалежна ад адпрацаванага перыяду.

 — Падчас майго чарговага працоўнага водпуску ў мяне захварэла дзіця. Хварэла доўга, гэта зафіксавана дакументальна. Я спадзявалася, што мой водпуск будзе працягнуты адпаведна часу хваробы дзіцяці. Але мне паведамілі, што гэта заканадаўствам не прадугледжана. Чаму? Калі хварэеш сам, то водпуск падаўжаецца... (ліст дасланы па электроннай пошце).

Ларыса Манюк:

— Хачу сказаць, што ў адпаведнасці з п. 6 Палажэння аб парадку забеспячэння дапамогамі па часовай непрацаздольнасці і па цяжарнасці і родах асобам, якія працуюць па працоўных дагаворах, на падставе членства (удзелу) у юрыдычных асобах любых арганізацыйна-прававых формаў, якія знаходзяцца ў працоўным водпуску, дапамогі прызначаюцца ў выпадку наступлення ў іх у перыяд названага водпуску часовай непрацаздольнасці. Працоўны водпуск пры гэтым падаўжаецца (пераносіцца) у парадку, устаноўленым заканадаўствам. Але — майце гэта на ўвазе — у выпадку, калі падчас працоўнага водпуску ў работніка захварэла дзіця, працоўны водпуск не пераносіцца і не працягваецца.

— Добры дзень! Калі можна, я хацела б задаць сваё пытанне ананімна. Скажыце, калі ласка, ці можа кіраўнік (яго намеснік) быць прадстаўніком інтарэсаў работнікаў, гэта значыць быць старшынёй або членам прафкама школы?

Ларыса Манюк:

— Не. У адпаведнасці з ч. 2 арт. 354 Працоўнага кодэкса кіраўнік арганізацыі і яго намеснікі не могуць ажыццяўляць прадстаўніцтва інтарэсаў работнікаў.

— Я ўладкавалася на часовае месца настаўнікам. Праз год сама пайшла ў дэкрэтны адпачынак да 2018 года. Адміністрацыя школы ўзяла на гэтую пасаду яшчэ аднаго работніка, гэтым разам пенсіянера. Атрымліваецца, на адной пасадзе цяпер лічацца тры чалавекі: асноўны работнік, я і пенсіянер. Асноўны работнік зараз мае намер напісаць заяву аб звальненні. Падкажыце, чаго чакаць мне? Ці прадаставіць наймальнік мне месца працы пры выхадзе з дэкрэтнага водпуску? (па электроннай пошце).

Ларыса Манюк:

— Вы і іншы работнік былі прыняты па тэрміновым працоўным дагаворы на час адпачынку асноўнага работніка, які знаходзіцца ў сацыяльным водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў. Калі асноўны работнік, на месца якога вы абодва былі прынятыя, звольніцца, то вы і іншы работнік будзеце падлягаць звальненню ў сувязі з выхадам на работу асноўнага работніка. Кіраўнік можа таксама прыняць рашэнне пакінуць на рабоце аднаго з вас. Пры гэтым на рабоце могуць пакінуць работніка, які дасягнуў пенсійнага ўзросту, паколькі ў гэтай катэгорыі работнікаў у адпаведнасці з заканадаўствам такія ж працоўныя правы, як і ў іншых.

— Добры дзень! Міронава Валянціна Пятроўна з Брэста вас турбуе. Працую настаўнікам у гарадской школе. На пачатак навучальнага года ў мяне было 30 вучэбных гадзін. Але цяпер дырэктар мне паведаміў, што
з 1 студзеня паменшыць мне нагрузку да стаўкі, гэта значыць 20 гадзін. Зразумела, што пры гэтым я значна страчу ў зарплаце. У кантракце ў мяне прапісаная толькі стаўка, а не педагагічная нагрузка. Дырэктар запэўнівае, што мае права змяняць мне нагрузку кожныя паўгода. Гэта насамрэч так? Ці з'яўляецца такое памяншэнне, у адпаведнасці з заканадаўствам, істотнымі змяненнямі ўмоў працы?

Ларыса Манюк:

— У адпаведнасці з падпунктам 24.6 п. 24 Пагаднення паміж Мінадукацыі і Беларускім прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі на 2016—2019 гады размеркаванне аб'ёму педагагічнай нагрузкі (уключаючы гадзіны выкладчыцкай, арганізацыйна-выхаваўчай работы і дадатковага кантролю вучэбнай дзейнасці вучняў) педагагічным работнікам праводзіцца кіраўніком установы адукацыі па ўзгадненні з прафсаюзам.

На пачатак навучальнага года наймальнік абавязаны выдаць загад аб размеркаванні педагагічнай нагрузкі паміж педагагічнымі работнікамі, узгадніць яго з прафсаюзам і азнаёміць пад подпіс работнікаў. Магчыма, што наймальнік парушыў заканадаўства і не азнаёміў вас з загадам, таму вы і не ведалі, якая ў вас будзе педагагічная нагрузка ў другім навучальным паўгоддзі. А ў адпаведнасці з навучальным планам на 2017/2018 навучальны год у другім паўгоддзі ваша педагагічная нагрузка, цалкам магчыма, складае 20 гадзін.

У выпадку ж калі наймальнік мае намер забраць у вас частку педагагічнай нагрузкі ў другім паўгоддзі і аддаць іншаму работніку, ён павінен абгрунтаваць гэтае рашэнне і ўзгадніць з прафсаюзам. А вас у адпаведнасці з арт. 32 Працоўнага кодэкса (ПК) папярэдзіць за месяц у пісьмовым выглядзе аб змяненні істотных умоў працы.

— Добры дзень. Дапамажыце разабрацца ў сітуацыі. Пасля дэкрэтнага водпуску я выйшла на работу. Майму дзіцяці 2,6 года. Мне далі нагрузку ў школе 26 гадзін. А цяпер яшчэ і навязваюць класнае кіраўніцтва. Ці маю я права ад яго адмовіцца? Бо ў адваротным выпадку мне неабходна будзе працаваць і ў суботу, а мне няма з кім пакінуць дзіця на гэты час (па электроннай пошце).

Ларыса Манюк:

— У службовай інструкцыі настаўніка агульнаадукацыйнай установы ўказана, што ён ажыццяўляе навучанне і выхаванне навучэнцаў. Праводзіць выхаваўчую і пазакласную работу па прадмеце.

Пад педагагічнай нагрузкай пры вылічэнні стаўкі педагагічных работнікаў разумеецца аб'ём педагагічнай дзейнасці ў частцы рэалізацыі зместу адукацыйных праграм, праграм выхавання, уключаючы дадатковы кантроль вучэбнай дзейнасці вучняў і арганізацыйна-выхаваўчую работу.

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што стаўка настаўніка ўключае ў сябе і гадзіны арганізацыйна-выхаваўчай работы. Таму, калі гэта неабходна, настаўнік павінен ажыццяўляць і класнае кіраўніцтва.

У вашым выпадку неабходна звярнуцца ў прафсаюз, і вас у парадку выключэння па хадайніцтве прафсаюза могуць на гэты навучальны год вызваліць ад гадзін класнага кіраўніцтва.

 — Ці павінен дырэктар ці яго намеснікі перадаць навучальныя гадзіны настаўніку, калі ва ўстанове адукацыі ў педагагічных работнікаў памяншаецца педагагічная нагрузка або яны падлягаюць звальненню па п. 1 арт. 42 Працоўнага кодэкса — скарачэнне колькасці або штату работнікаў у сувязі з адсутнасцю гадзін па прадмеце? (па электроннай пошце).

Ларыса Манюк:

— Кіраўнікі (іх намеснікі) устаноў адукацыі (іх структурных падраздзяленняў) могуць выконваць у працоўны час аплачваемую педагагічную дзейнасць у частцы рэалізацыі адукацыйных праграм па месцы асноўнай працы ў аб'ёме не больш за палову нормы гадзін педагагічнай нагрузкі за стаўку педагагічных работнікаў альбо працоўнага часу прафесарска-выкладчыцкага складу.

Калі ва ўстанове адукацыі ў педагагічных работнікаў памяншаецца педагагічная нагрузка або яны падлягаюць звальненню па п. 1 арт. 42 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — скарачэнне колькасці або штату работнікаў у сувязі з адсутнасцю гадзін па прадметах, — гадзіны, якія вядуць дырэктар і яго намеснікі па гэтых прадметах, павінны быць перададзены настаўнікам-прадметнікам, паколькі дырэктар і яго намеснікі прынятыя на работу на вышэйпаказаныя пасады, што з'яўляецца іх асноўнай работай, а ў настаўнікаў асноўнай работай з'яўляецца педагагічная дзейнасць.

— Добры дзень! Ганна Радзько вас турбуе. У мяне пытанне: наколькі дакладна калектыўны дагавор установы павінен капіраваць макет калектыўнага дагавора, падрыхтаваны Цэнтральным камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, у асноўнай яго частцы, ці гэта можа быць цалкам адвольны варыянт?

Ларыса Манюк:

— У адпаведнасці з арт. 364 Працоўнага кодэкса змест калектыўных дагавораў вызначаецца бакамі ў адпаведнасці з генеральным, тарыфным і мясцовымі пагадненнямі (пры іх наяўнасці) у межах іх кампетэнцыі, а таксама Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь.

Макет калектыўнага дагавора распрацаваны Цэнтральным камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі ў адпаведнасці з Працоўным кодэксам, Указам Прэзідэнта Беларусі ад 15.07.1995 года №278 «Аб развіцці сацыяльнага партнёрства», Законам Рэспублікі Беларусь «Аб прафесійных саюзах», галіновымі пагадненнямі, заключанымі паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускім прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі на 2016—2019 гады, іншымі нарматыўнымі прававымі актамі, на аснове Метадычных рэкамендацый Мінпрацы аб парадку падрыхтоўкі і заключэння калектыўных дагавораў у арганізацыях бюджэтнай сферы.

Згаданы макет калдагавора носіць рэкамендацыйны характар, служыць арыенцірам, мэта якога — не выпусціць ні адно важнае пытанне жыццядзейнасці калектыву работнікаў пры заключэнні калектыўнага дагавора.

Макет мэтазгодна выкарыстоўваць у якасці асновы, ён можа ўдакладняцца, дапаўняцца і выкарыстоўвацца, зыходзячы з вытворчых умоў і фінансавых магчымасцяў канкрэтнай арганізацыі.

Публікацыі на партале http://zviazda.by