Працяг размовы, якая адбылася ў рэдакцыі “Настаўніцкай газеты” падчас прамой лініі  з удзелам спецыялістаў Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.  Публікацыя ў "Настаўніцкай газеце" №114 (8020) ад 10 кастрычніка 2017 г. 

 

— Я настаўніца замежнай мовы, працую ў сельскай базавай школе. Асноўная нагрузка ў мяне — 21 гадзіна плюс 3,5 гадзіны класнага кіраўніцтва, гадзіна — за кабінет і паўтары гадзіны — праверка сшыткаў. Але па суботах нас прымушаюць хадзіць у школу, кажуць, што ў нас 36-гадзінны працоўны тыдзень, значыць, трэба дапрацоўваць. Не магу зразумець: уся нагрузка ў мяне 27 гадзін, чаму за тыя ж грошы я павінна дапрацоўваць да 36 гадзін?

Л.В.МАНЮК:

— У адпаведнасці з часткай 4 артыкула 158 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі прадугледжаны шасцідзённы працоўны тыдзень, які ўключае пяцідзённы вучэбны тыдзень і адзін дзень тыдня для правядзення з навучэнцамі фізкультурна-аздараўленчых, спартыўна-масавых і іншых выхаваўчых мерапрыемстваў.

У адпаведнасці з пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 05.09.2011 № 255 “Аб устанаўленні скарочанай працягласці рабочага часу асобным катэгорыям педагагічных работнікаў і прызнанні страціўшымі сілу асобных пастаноў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь”, настаўнікам уста¬ноўлена скарочаная працягласць працоўнага часу 36 гадзін у тыдзень. Дадаткам 2 да пастановы № 255 настаўнікам устаноўлена норма гадзін педагагічнай нагрузкі за стаўку 20 гадзін у тыдзень.

У адпаведнасці з пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Аб некаторых асаблівасцях рэгулявання працы педагагічных работнікаў” ад 30.03.2007 № 25 (у рэдакцыi пастановы Мінадукацыі ад 07.10.2011 № 269), кіраўнік установы адукацыі размяркоўвае педагагічную нагрузку паміж работнікамі, ажыццяўляе ўлік, кантроль і нясе адказнасць за выкананне яе кожным педагагічным работнікам у поўным аб’ёме (пункт 1). Пры гэтым, у адпаведнасці з пастановай № 255, кіраўнік не можа ўстанавіць педагагічную нагрузку настаўніку больш за 36 гадзін у тыдзень.

Педагагічная нагрузка ўключае гадзіны педагагічнай дзейнасці пры рэалізацыі адукацыйных праграм, праграм выхавання, што рэгулюецца раскладам урокаў (вучэбных заняткаў) у класах, спецыяльных класах, вучэбных групах, групах, спецыяльных групах, аб’яднаннях па інтарэсах навучэнцаў, а таксама планамі выхаваўчай работы; арганізацыйна-выхаваўчай работы і дадатковага кантролю вучэбнай дзейнасці навучэнцаў, якія ажыццяўляюцца настаўнікамі і выкладчыкамі (пункт 2).

Аплата за работу настаўнікам ажыццяўляецца за гадзіны педагагічнай нагрузкі, якая ім вызначана.

Кіраўнік установы адукацыі можа прыцягваць настаўніка да работы ў шосты дзень тыдня ў межах вызначанай яму педагагічны нагрузкі. Калі настаўнік выканаў вызначаную яму нагрузку на працягу пяці дзён, то кіраўнік выдае загад аб прыцягненні настаўніка да работы ў суботу, у загадзе паказваецца форма аплаты за гэты дзень (адгул), работніка знаёмяць з гэтым загадам пад подпіс.

 

— У мяне ёсць пытанне: ці магу я адмовіцца ад выезду з класам на аздараўленне, каб суправаджаць навучэнцаў, па прычыне таго, што з’яўляюся апекуном інваліда 1-й групы. Гэта мая сястра, якая жыве асобна, хадзіць можа.

Л.В.МАНЮК:

 

— Не, таму што вы не ажыццяўляеце догляд інваліда.

 

— Ці правамерныя дысцыплінарныя спагнанні з кіраўнікоў і работнікаў за невыкананне плана здачы макулатуры, адмову ад падпіскі на перыядычныя выданні?

Л.В.МАНЮК:

 

— Не.

 

— Растлумачце, калі ласка, сітуацыю: памочнік выхавальніка звольнены пасля заканчэння тэрміну працоўнага дагавора 31.08.2017, а 01.09.2017.гэты работнік прыняты на пасаду бібліятэкара на 0,5 стаўкі і педагога-арганізатара на 0,5 стаўкі па сумяшчальніцтве. Ці трэба заводзіць новую асабовую справу ў такім выпадку? Ці ўсё ж такі працягваем весці справу, якая заведзена на памочніка выхавальніка?

Л.В.МАНЮК:

 

— У адпаведнасці з пунктам 23 Інструкцыі аб парадку фарміравання, вя¬дзення і захоўвання асабовых спраў работнікаў, зацверджанай пастановай Камітэта па архівах і справаводстве пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь 26.03.2004 № 2, асабовыя справы звольненых работнікаў падлягаюць перадачы ў архіў арганізацыі па вопісе. Асабістыя справы звольненых работнікаў уносяцца ў вопіс спраў па асабовым складзе па годзе звальнення і сістэматызуюцца па алфавіце (па прозвішчах). Дапускаецца складаць асобны вопіс асабовых спраў звольненых работнікаў.

Вам неабходна будзе завесці дзве справы: адну — на бібліятэкара, другую — на педагога-арганізатара, які працуе на ўмовах сумяшчальніцтва.

 

— А ці заводзяцца асабовыя справы на работнікаў, якія адносяцца да тэхнічнага і абслуговага персаналу: прыбіральшчык службовых памяшканняў, кладаўшчык, сталяр, кухонныя рабочыя і г.д.?

Л.В.МАНЮК:

 

— Не. Асабовыя справы вядуцца на кіраўнікоў і спецыялістаў, навуковых работнікаў, дзяржаўных служачых, а таксама іншых работнікаў у выпадках, вызначаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

 

— Калі работнік працуе па сумяшчальніцтве (напрыклад, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце на 0,5 стаўкі і настаўнік на 0,5 стаўкі), вядзецца адна асабовая справа ці дзве?

Л.В.МАНЮК:

 

— Дзве.

 

— Яшчэ адно ўдакладненне: дзе павінна захоўвацца апавяшчэнне аб працягу, непрадаўжэнні, перазаключэнні кантрактаў?

Л.В.МАНЮК:

 

— У асабовай справе.

— Добры дзень! Справа такая: налічэнне настаўнікам страхавых узносаў і пералічэнне іх у фонд сацыяльнай абароны ажыццяўляецца пры правядзенні імі выкладчыцкай работы ў аб’ёме 18 гадзін у тыдзень, вядзенні арганізацыйна-выхаваўчай работы і кантролі за дзейнасцю навучэнцаў. У сувязі з гэтым пытанне такое: у 18 гадзін выкладчыцкай работы ўваходзяць факультатыўныя гадзіны ці не? На які нарматыўны дакумент спасылацца? Дзякуй.

 

Л.В.МАНЮК:

 

— Так, уваходзяць, паколькі яны ўстаноўлены вучэбнымі планамі, якія зацвярджаюцца на кожны навучальны год.