Працяг размовы, якая адбылася ў рэдакцыі “Настаўніцкай газеты” падчас прамой лініі  з удзелам спецыялістаў Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

— Добры дзень! Я з Віцебскай вобласці. У мяне педагагічная адукацыя па спецыяльнасці “Біялогія. Ахова прыроды”. Але ў нашым райцэнтры не было магчымасці ўладкавацца па гэтай спецыяльнасці, таму працавала выхавальніцай у дзіцячым садзе некалькі гадоў. Потым працавала ў іншай сферы, цяпер я педагог у школе па сваёй спецыяльнасці. Як хутка я магу атэставацца на кваліфікацыйную катэгорыю?

В.Р.ГЕРАСІМОВІЧ:

— Згодна з ч.1 пункта 19 Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі (акрамя педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў вышэйшай адукацыі), зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь 22 жніўня 2012 года № 101, са змяненнямі і дапаўненнямі, на прысваенне другой кваліфікацыйнай катэгорыі могуць прэтэндаваць педагагічныя работнікі, якія маюць стаж работы на пасадзе, па якой атэстуюцца, два гады.

— Дапамажыце разабрацца. Я кіраўнік установы адукацыі. У мяне працуе малады дэфектолаг. Працуе па спецыяльнасці, завочна паступіла ў магістратуру. Ці магу я аплачваць ёй сесію?

В.Р.ГЕРАСІМОВІЧ:

— Гарантыі для работнікаў, якія атрымліваюць сярэднюю спецыяльную, вышэйшую і адукацыю пасля заканчэння УВА ў вячэрняй або завочнай форме атрымання адукацыі, вызначаны артыкуламі 214, 215, 216 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ПК).

Згодна з часткамі 2 і 3 артыкула 214 ПК, гарантыі работнікам прадастаўляюцца пры накіраванні наймальніка або ў адпаведнасці з заключанымі з імі дагаворамі ў сферы адукацыі, а таксама калі гэта прадугледжана калектыўным ці працоўным дагаворам.

У выпадку адсутнасці гэтых падстаў работніку можа быць прадастаўлены водпуск без захавання заработнай платы (ч.3, артыкула 214 ПК).

— Скажыце, калі ласка, у які тэрмін можна звярнуцца па кампенсацыю ў сувязі з пераездам на работу ў іншае месца. У верасні не паспеў гэтага зрабіць.

В.Р.ГЕРАСІМОВІЧ:

— Артыкулам 96 Працоўнага кодэкса не ўсталяваны тэрмін звароту за выплатай кампенсацыі ў сувязі з пераездам на работу ў іншую мясцовасць. Вы маеце права звярнуцца ў найбліжэйшы час да наймальніка за яе атрыманнем.

— Прывітанне! Гэта прамая лінія? Мяне завуць Ірына, тэлефаную з Мінска. Пытанне хачу задаць не пра сябе, а пра сваю маму, якая ўсё жыццё працавала настаўніцай, цяпер на пенсіі. Ці можа яна звярнуцца ў прафкам па пуцёўку ў санаторый?

А.У.ВАСІЛЕВІЧ:

— Сёння ў сістэму ўнітарнага прадпрыемства “Белпрафсаюзкурорт” уваходзяць 13 санаторыяў рознага профілю. Членам прафсаюза, іх дзецям у гэтых санаторыях прадастаўляецца скідка ў памеры 25% ад кошту пуцёўкі на падставе даведкі, выдадзенай пярвічнай прафсаюзнай арганізацыяй, дзе член прафсаюза стаіць на ўліку.

Пуцёўка набываецца непасрэдна ў самім санаторыі. Ветэрану працы неабходна выбраць санаторый па профілі, вызначыцца з перыядам санаторна-курортнага лячэння, затым звярнуцца ў прафкам установы адукацыі, дзе ён застаўся на прафсаюзным уліку пасля таго, як пайшоў на заслужаны адпачынак, за адпаведнай даведкай на атрыманне скідкі. Больш падрабязную інфармацыю пра магчымасці санаторна-курортнага лячэння можна атрымаць на сайце УП “Белпрафсаюзкурорт” www.kurort.by або ў старшыні прафкама сваёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі.

— Я тэлефаную з Брэсцкай вобласці. Шмат гадоў працавала ў школе, была дырэктарам… Зараз на пенсіі. На Дзень настаўніка мяне не запрасілі на свята, ездзіла ў школу суседняй вёскі. Вельмі прыемна было адчуць сябе паважаным чалавекам, педагогам, хоць і былым. А за сваю школу крыўдна.

А.У.ВАСІЛЕВІЧ:

— Работа з ветэранамі з’яўляецца адным з найважнейшых напрамкаў дзейнасці прафсаюзных арганізацый галіновага прафсаюза ўсіх узроўняў. Абавязацельства аб рабоце з саветамі ветэранаў працы галіны і галіновага прафсаюза, запрашэнні ветэранаў для ўдзелу ў выхаваўчых, святочных мерапрыемствах, якія праводзяцца арганізацыямі сістэмы Міністэрства адукацыі і арганізацыйнымі структурамі галіновага прафсаюза, замацавана ў падпункце 38.9 пункта 38 Пагаднення паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускім прафесійным саюзам работнікаў адукацыі і навукі на 2016—2019 гады. Пытанне аб недапушчэнні падобных фактаў у дачыненні да ветэранаў будзе прапрацавана з прафсаюзным актывам і наймальнікамі адпаведнай вобласці. Просім прабачэння за сітуацыю, што адбылася з вамі.

— Я пенсіянерка з Гродна. Калі выйду на работу, могуць са мной заключыць кантракт больш чым на 1 год?

Л.В.МАНЮК:

— Так. Асобы, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту, не маюць абмежаванняў у працоўных правах. У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб працы, яны маюць такія ж працоўныя правы, як і іншыя катэгорыі работнікаў.

— Вельмі турбуе такое пытанне: я выйшла з дэкрэтнага водпуску на работу ў школу, але цяпер мне трэба пасядзець з дзіцем яшчэ. Ці магу я гэта зрабіць? Дзіцяці яшчэ няма 3-х гадоў.

Л.В.МАНЮК:

— Так. Неабходна напісаць заяву на імя наймальніка аб прадастаўленні вам сацыяльнага водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў. Вы маеце права знаходзіцца ў гэтым водпуску да дасягнення вашым дзіцем узросту трох гадоў.

— Асноўны работнік, настаўнік англійскай мовы, сыходзіць у дэкрэтны водпуск. Як прымаць педагога на замену — па кантракце або па працоўным дагаворы? Калі прыняць работніка па кантракце, ці будзе гэта парушэннем? На які нарматыўны дакумент спасылацца пры прыёме работніка на замену? Дзякуй.

Л.В.МАНЮК:

— На час сацыяльнага водпуску асноўнага работніка па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў прыём на работу іншага работніка ажыццяўляецца па тэрміновым працоўным дагаворы. Гэта звязана з тым, што работнік, які знаходзіцца ў сацыяльным водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў, мае права перапыняць гэты водпуск і выходзіць на работу. Пры гэтым работнік можа перарываць гэты водпуск столькі разоў, колькі пажадае. У выпадку выхаду на работу асноўнага работніка чалавек, прыняты на яго месца, звальняецца з дня, якi папярэднiчае дню выхаду асноўнага работніка. Кантракт жа складаецца не менш чым на адзін год. Наймальнік гарантуе, што работнік адпрацуе па кантракце тую колькасць гадоў, на якую заключаны кантракт.

— Добры дзень, мяне завуць Таццяна. Ведаю, што цяпер пасля заканчэння аспірантуры тым, хто здаў кандыдацкі мінімум, але не абараніў дысертацыю, выдаюць дыплом даследчыка. Калі я заканчвала аспірантуру, такі дыплом яшчэ не выдавалі, толькі ведамасць аб здачы кандыдацкага мінімуму. Мяне цікавіць, ці магу я зараз атрымаць дыплом даследчыка.

Л.В.МАНЮК:

— Атрымаць дыплом даследчыка зараз вы не можаце, таму што на момант заканчэння аспірантуры такі дакумент не выдаваўся. Але вы можаце ўзяць даведку пра час навучання ў аспірантуры.

Публікацыя ў "Настаўніцкай газеце" №113 (8019) ад 10 кастрычніка 2017 г.