Кожны год сотні выпускнікоў універсітэтаў і каледжаў пачынаюць сваю працоўную біяграіфію ва ўстановах адукацыі краіны. Першае працоўнае месца, першы калектыў, першыя вучні і выхаванцы — важная вяха ў жыцці маладога спецыяліста. Для 44 выпускнікоў ВНУ і сярэдніх спецыяльных устаноў гэтага года першым працоўным месцам стануць установы адукацыі Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці.

Па традыцыі, якой ужо 17 гадоў, працоўныя кніжкі маладыя спецыялісты атрымліваюць ва ўрачыстай абстаноўцы. На гэты раз цырымонія адбылася ў сярэдняй школе № 2 Ашмян. 3 прывітальнымі словамі да маладых спецыялістаў звярнуліся начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Ашмянскага райвыканкама Святлана Баркоўская, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Саванец, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай Кунцэвіч.

С.М. Баркоўская расказала, што на работу ў раён прыбылі 25 выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў і 19 выпускнікоў каледжаў. 17 маладых спецыялістаў пачнуць працаваць у дашкольных установах раённага цэнтра і вёсак. Шэсць настаўнікаў пойдуць у пачатковую школу, пяць будуць выкладаць замежную мову, тры — гісторыю. Прыбыло папаўненне настаўнікаў рускай мовы і літаратуры, хіміі, біялогіі, фізічнай культуры, псіхолагаў і алігафрэнапедагогаў. Два маладыя спецыялісты будуць працаваць трэнерамі-выкладчыкамі ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. Яшчэ школы раёна прынялі на работу пяць тэхнікаў-праграмістаў, якія скончылі Ашмянскі аграрна-эканамічны каледж. Большую частку маладых спецыялістаў — 13 чалавек — складаюць выпускнікі Лідскага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка скончылі 10 чалавек.

На сваім першым педагагічным сходзе маладыя спецыялісты азнаёміліся з сістэмай адукацыі Ашмянскага раёна, пабывалі на экскурсіі ў музеі сярэдняй школы № 2 "Ашмяны: падзеі і людзі", даведаліся пра знакамітых людзей рэгіёна і атрымалі падарункі. Па традыцыі адбылася сустрэча маладых спецыялістаў з кіраўніцтвам Ашмянскага раёна і кіраўнікамі ўсіх службаў, а са сваімі калегамі яны пазнаёмяцца на пасяджэннях метадычных аб'яднанняў.

Маладым настаўнікам удзяляюць павышаную ўвагу і ва ўстановах адукацыі. 3 2012 года ў раёне праводзіцца конкурс прафесійнага майстэрства "Адкрыццё". Настаўніца беларускай мовы і літаратуры з Барунскага ясляў-сада — сярэдняй школы Марта Мацкевіч у гэтым годзе стала фіналісткай абласнога конкурсу "Малады спецыяліст XXI стагоддзя". Марта Іванаўна занесена ў рэзерв кіруючых кадраў. 3 75 чалавек гэтага рэзерву 23 чалавекі ва ўзросце да 30 гадоў.

Галоўны спецыяліст Ашмянскага аддзела адукацыі, спорту і турызму Тамара Сахарчук паведаміла, што з 2014 года віртуальная дошка гонару мае раздзел "Маладосць, талент, перспектывы", на якую заносяцца маладыя спецыялісты за дасягненні ў прафесійным і грамадскім жыцці. У гэты раздзел да чатырох асоб сёлета далучацца яшчэ дзве. Практыкуюць у раёне і адпраўку падзячных лістоў у навучальныя ўстановы і бацькам маладых спецыялістаў.

— Вельмі знакавым лічым тое, што сем маладых настаўнікаў, якія пачынаюць работу ў гэтым годзе, з'яўляюцца прадстаўнікамі педагагічных дынастый, ёсць сярод іх і магістр гістарычных навук, — гаворыць С.М.Баркоўская. — Такі працяг справы бацькоў гаворыць пра тое, што прафесія настаўніка застаецца прывабнай, цікавіць моладзь. А ўсяго сярод маладых спецыялістаў — 27 ураджэнцаў Ашмяншчыны, 23 з іх праходзілі навучанне па мэтавым накіраванні ад аддзела адукацыі, спорту і турызму.

Клапоцячыся пра забяспечанасць настаўніцкімі кадрамі, кожны год у раёне даюць мэтавыя накіраванні. Вось і ў гэтым годзе іх атрымалі 23 чалавекі: 17 будуць атрымліваць прафесію настаўніка ва ўніверсітэтах і 6 — у каледжах. 

Публікацыя ў "Настаўніцкай газете" ад 25 жніўня 2016 года  №96