Маладым спецыялістам з катэгорыі педагагічных работнікаў, якія ўжо адпрацавалі па размеркаванні два гады, але працягваюць працаваць у гэтай жа ўстанове адукацыі, яшчэ на год падаўжаецца выплата даплаты ў памеры адной тарыфнай стаўкі першага разраду. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 19 студзеня 2017 года №48.  

Згодна з рашэннем урада, маладыя настаўнікі, якія працуюць ва ўстанове адукацыі трэці год, будуць атрымліваць даплату ў памеры да адной тарыфнай стаўкі першага разраду, якая зараз складае 31 рубель. Даплаты будуць выплачвацца маладым спецыялістам па асноўным месцы працы прапарцыянальна адпрацаванаму часу. Пастанова ўступае ў сілу з 1 студзеня 2017 года.

У Міністэрстве адукацыі спадзяюцца, што гэта мера дазволіць не дапусціць зніжэння заробкаў у маладых спецыялістаў і іх адтоку з устаноў адукацыі. Захаванне даплаты яшчэ на адзін год дасць магчымасць маладым педагогам прайсці атэстацыю для атрымання другой кваліфікацыйнай катэгорыі. Інструкцыяй аб атэстацыі педагагічных работнікаў устаноўлена, што прэтэндаваць на прысваенне другой кваліфікацыйнай катэгорыі могуць педагагічныя работнікі, якія маюць стаж працы на пасадзе, па якой атэстуюцца, два гады. Надбаўка за другую кваліфікацыйную катэгорыю складае 30% ад тарыфнага акладу (стаўкі).

Дарэчы, у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце праводзілі маніторынг і ўстанавілі, што ад 65 да 80% яго выпускнікоў, адпрацаваўшы два гады пасля заканчэння ўніверсітэта, застаюцца ў той жа школе. У некаторых раёнах гэты паказчык увогуле дасягае 90—100 працэнтаў. Цяпер маладыя педагогі будуць яшчэ больш матываваныя да таго, каб застацца на першым працоўным месцы.

 Публікацыя на партале http://zviazda.by